Logo GenDocs.ru

Поиск по сайту:  


Загрузка...

Реферат - Анатоль Вярцiнскi - файл 1.doc


Реферат - Анатоль Вярцiнскi
скачать (169.5 kb.)

Доступные файлы (1):

1.doc170kb.09.12.2011 03:43скачать

содержание
Загрузка...

1.doc

Реклама MarketGid:
Загрузка...
АНАТОЛЬ ВЯРЦІНСКІ
18.11.1931



Да прадстаўнікоў так званай інтэлектуальнай, філасофскай паэзіі другой паловы XX ст. належыць таленавіты беларускі паэт А. Вярцінскі, які ўсёй сваёй творчасцю вучыць чытачоў чалавечнасці, высокамаральнаму і сумленнаму стаўленню да жыцця.

Нарадзіўся А. Вярцінскі на Віцебшчыне, у вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці, якая цяпер засталася толькі ў паэтычных асацыяцыях. Скончыў БДУ. Працаваў у рэдакцыях раённых газет, быў рэдактарам газеты "Літаратура і Мастацтва", сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Займаўся грамадскай дзейнасцю на працягу шасці год (з 1990 па 1996), выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

Журналіст па адукацыі, А. Вярцінскі вядомы як публіцыст, драматург, крытык і перакладчык. Але ў літаратуру ён прыйшоў найперш паэтам і дасягнуў найбольш як паэт, хоць Дзяржаўнай прэміяй Беларусі 1988 ушанаваны за публіцыстычныя нататкі "Нью-йоркская сірэна".

Першым паэтычным зборнікам А. Вярцінскага стала кніга "Песня пра хлеб" (1962). У ёй не было твораў з мудрагелістымі сюжэтамі і вобразамі, а апавядалася пра вясковае і студэнцкае жыццё, мінулую вайну. Каларытна напісана змешчаная ў гэтым зборніку аднайменная паэма, у якой паэтызуецца праца хлебароба, сялянскі побыт, духоўная прыгажосць працоўнага чалавека. Крытыка прыхільна сустрэла кнігу і назвала паэта традыцыяналістам.

Зусім іншага накірунку былі яго наступныя кнігі - "Тры цішыні" (1966), "Чалавечы знак" (1968), "З'яўленне" (1975), "Час першых зорак" (1976), "Ветрана" (1979). Іх характарызуюць напружаны інтэлектуальны пошук, філасофскае даследаванне маральна-этычных праблем, выразная скіраванасць у духоўную сферу, арыентаванасць на вырашэнне духоўных канфліктаў з пазіцый дабра, актыўнага гуманізму. З гадамі ў паэта ўзрастае цяга да ўмоўнасці, у сваёй творчасці ён выкарыстоўвае духоўны вопыт біблейскіх прытчаў, старажытных міфаў, філасофскіх канцэпцый. Творчасць паэта скіравана на "вечныя" каштоўнасці чалавечага жыцця, сярод якіх не апошняе месца займае каханне. З глыбокім разуменнем жаночага характару піша ён пра гэта галоўнае пачуццё чалавека (вершы "Мною забыта нямала…", "Сведчылі месяц, ноч і я…", "Я жыў высока на гары…", "Любая, гэта - не здрада…", "Рэквіем на загубленых любовях" і інш.). Любоў для А. Вярцінскага - катэгорыя філасофская, яна вызначае ўнутраную сутнасць і духоўную цэласнасць асобы і трымаецца найперш на бязмежнай самаахвярнасці маці. Сыноўнім гімнам, маналогам вялікай паэтычнай сілы гучыць яго паэма "Заазер'е" (1968), у якой шчымлівымі згадкамі дзяцінства, успамінамі пра свае ўжо сталыя гады, паэт стварае вобраз самага дарагога чалавека на зямлі. Тэму маці працягвае ён у паэме "Дажынкі" (1968), у якой узнімае праблему ўвагі і павагі да жанчыны-працаўніцы. Маці прысвяціў ён і прачулыя радкі вершаў "Мы жывем, каб вярнуцца", "Замест эпітафіі", "А я і не ведаў", "Дзень добры, мама", цыкл вершаў "Спі, родная". Ёсць у творчасці паэта вершы, прысвечаныя ваеннай тэме, ёсць вершы чыста лірычныя і публіцыстычныя. Тэма адказнасці за лёс планеты, за захаванне гармоніі паміж чалавекам і прыродай гучыць у паэме "Начны бераг" (1972).

У сваёй творчасці А. Вярцінскі імкнецца да асваення розных жанраў паэзіі. Ён піша оды, байкі, вершы-прысвячэнні, набліжае свае вершы да зарыфмаванай сказавай формы і нават стварае новы жанр - проза паэзіі, для якога характэрны свабодны пераход ад вершаванай да празаічнай мовы ("Яблыня ў горадзе", "Ствараецца новая казка…", "Ода магчымасцям мірнага жыцця…").

Значных поспехаў дасягнуў А. Вярцінскі ў драматургіі. Яго п'есы-казкі для дзяцей "Дзякуй, вялікі дзякуй!", "Скажы сваё імя, салдат", "Гефест - друг Праметэя" з поспехам ставіліся на сцэнах беларускіх тэатраў. Вядомы А. Вярцінскі і як аўтар публіцыстычных і літаратурна-крытычных твораў (зборнікі "Высокае неба ідэала", "Нью-йоркская сірэна"). Перакладаў на беларускую мову паасобныя творы класічнай і сучаснай рускай, украінскай, балгарскай, польскай, літоўскай, венгерскай паэзіі, п'есы Лопэ дэ Вэгі, М. Себасцьяна, В. Пальчынскайтэ.

Анатоль Вярцінскі адносіцца да пакалення паэтаў-бязбацькавічаў (крылатая формула Р.Барадуліна), дзяцей вайны, якія «выраслі пад гарматнымі стваламі» (а гэтыя словы належаць яшчэ аднаму прадстаўніку гэтага пакалення нябожчыку Сцяпану Гаўрусёву). Яшчэ прадстаўнікоў гэтага пакалення называюць філалагічным, таму што многія літаратары канца 50—60-х гадоў заканчвалі ці філалагічнае, ці журналісцкае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. З аднаго гнязда і з аднаго часу, акрамя згаданых трох аўтараў, Генадзь Бураўкін, Уладзіслаў Нядзведскі, Ніл Гілевіч, празаікі Барыс Сачанка, Іван Пташнікаў, Іван Чыгрынаў і многія-многія іншыя. Гэтае пакаленне прыйшло ў літаратуру тады, калі аднаўляліся чалавечыя нормы жыцця, быў выкрыты культ асобы Сталіна, людзі цешылі сябе надзеяй, што яны канчаткова атрымаюць рэальную, а не на словах свабоду думаць, пісаць, ствараць. Паэзія рабілася ў тэты час гучнай, эстраднай ці самапаглыблялася, прасяквалася пафасам чакання пераменаў, прагай новых сустрэч і вандровак, а паэты станавіліся змагарамі супроць прыніжэння чалавека. Радкі «Не рабіце з людзей багоў. Хай людзьмі застаюцца людзі» належаць аднаму з прадстаўнікоў менавіта гэтага пакалення. Паэзія 60-х гадоў была ўся ў руху, адлюстроўвала будаўніцтва гігантаў індустрыі, цалінную эпапею, клікала да святла, абвяшчала сапраўдны бой сытасці і мяшчанскай заспакоенасці. Вось у такой атмасферы, а затым — у атмасферы расчаравання, непрыняцця дэмагогіі і фальшу, застою, вымірання гуманістычных прынцыпаў чалавечага існавання нараджалася паэзія Анатоля Вярцінскага. Таго аўтара, які і сёння вядомы шырокаму колу чытачоў, лічыцца адным з самых яскравых прадстаўнікоў грамадзянскай паэзіі, блізкай да панчанкаўскай.

Асноўны пафас творчасці Вярцінскага-паэта і публіцыста — пафас адстойвання чалавечнасці, гуманізму, нават паказ трыумфу гэтых святых прынцыпаў жыцця ў планетарным, касмічным маштабе. Урокі гісторыі вучаць нас быць паслядоўнымі гуманістамі, усімі магчымымі сродкамі змагацца супроць усяго, што прыніжае чалавека, калечыць яго духоўна, робіць бяскрылым. Паэт лічыць сваім найпершым абавязкам змагацца супроць тых, хто страчвае чалавечую годнасць, спыняецца на дасягнутым, застаецца раўнадушным да ўсяго, што мы называем кароткім і надзвычай ёмістым словам — «жыццё»:

I я гавару людзям: — Жывіце і віце!

Віце гнёзды. I сокалы ўюць і арлы.

Толькі помніце: арлы лунаюць ў блакіце,

З гнязда ўзлятае сокал, — а мы?

Яшчэ ў кнізе «Тры цішыні» выявілася ўся сіла і рэзкая празрыстасць аўтарскай канцэпцыі мінулага, уся аголенасць і публіцыстычная выразнасць яго болю па кожным чацвёртым, што зйгінуў на мінулай вайне, па тых, хто застаўся сіратой і, адзінокі, дажывае жыццё. Вярцінскі — аўтар такіх выдатных твораў пра мінулае ваеннае ліхалецце, як «Рэквіем», «Дынамік», «Перад братняй магілай», «Бой», якія, думаецца, склалі ядро, аснову яго кніжкі «Тры цішыні», далі ёй назву: паэт прагне не проста цішыні. Цішыня ўяўляецца яму як бы ў трох вымярэннях. Сярод згаданых твораў асабліва вылучаецца верш «Дынамік». Верш сюжэтны, што часта бывае ў паэзіі, а таму — ліра-эпічны... У канцы сяла жыве адзінокая жанчына, удава. Адзіная для яе радасць — дынамік, праз які ажыццяўляецца сувязь старога і нямоглага чалавека з усім астатнім светам. Аднойчы дынамік замаўчаў, і старая пайшла «вуліцай тапалінай» (які цудоўны эпітэт знайшоў аўтар, нечаканы, пяшчотна-лагодны!) у другі канец сяла да радыста за дапамогай. Мы ж ведаем, хто жыве ў вёсцы, як нялёгка адважваюцца старыя жанчыны і мужчыны аб нечым прасіць іншых, асцерагаюцца надакучаць ім. А ў радыста Косціка, як на тое, нарадзіўся сын, і ў гэты дзень яму ніяк не выпадае «падбегчы» да старой. I тая не пярэчыць, не настойвае: спакойна і паважна пайшла дахаты, перад гэтым паспавядаўшыся радасным і ўзрушаным людзям аб сваёй трагедыі. Гледзячы на малога, яна прыгадала трох сваіх сыноў, што загінулі на вайне і пакінулі яе, сваю маці, сам-насам з цішынёй. Колькі болю, колькі непрыхаванага суму, сапраўднай трагедыйнасці, колькі, нарэшце, непрыдуманай, не з галавы, а непасрэдна з самога жыццёвага выпадку, выкрасаецца чалавечнасці! Колькі чалавечнасці выбруйваецца і з паводзінаў старэнькай вясковай жанчыны, якая здолела паставіць асабісты к лопат ніжэй чалавечай радасці, не стала турбаваць чалавека ў дзень, такі светлы і чысты для яго і яго сямейнікаў. «I пайшла дамоў старая, у другі канец сяла», — піша аўтар, а мы працягваем яшчэ доўга перажываць чалавечую трагедыю, па-ранейшаму ўслухоўваемся ў словы шчырай і нетаропкай гаворкі, правяраем свае асабістыя думкі і пачуцці думкамі і пачуццямі чалавека, у якога вайна адняла ўсё, што толькі можна.

Назва, бадай, самага арыгінальнага зборніка Вярцінскага — «Чалавечы знак» — засведчыла не толькі пэўны тэматычны паварот у творчасці Вярцінскага, а і яго прагнае жаданне выйсці за межы гарызантальнага, калі так можна сказаць, адлюстравання рэчаіснасці, паглыбіцца ў кола маральна-этычных пытанняў, дайсці па магчымасці да высноў чалавечай маралі, этыкі, выявіць, у чым заключаецца сутнасць чалавечага ў чалавеку, што ж такое «чалавечы знак ». У сваіх вершах паэт больш задумваецца над з'явамі, ацэньвае іх, таму яго можна назваць паэтам думкі, хоць, вядома, вершы яго не пазбаўлены і шчырага, высокага пачуцця, страснасці, эмацыянальнасці. Тут мы маем на ўвазе рысу, якая пераважае ў яго творах. Вярцінскі мысліць па-філасофску глыбока, засяроджана, але ніколі не навязвае чытачам сваю думку, стараецца толькі пераканаць нас у сваёй праваце, паварочваючы свой роздум то ў адзін, то ў другі бок, нанізваючы адзін тэзіс на дургі. Паэт любіць логіку доказу, пераканання, а не стыхію пачуццяў, чыстую эмацыянальнасць.

Лепшыя ў кнізе творы — «Высокае неба ідэала», «Чалавечы знак», «Мы напачатку зазналі жахаў...», «Гора не бяда, бяда — не гора...» і іншыя. Паэт абараняе ў іх такое разумение (канцэпцыю) жыцця, згодна з якім чалавек сцвярджаецца як асоба актыўная, мэтанакіраваная, як вечны шукальнік дабра і справядлівасці, непрымірымы да праяў фалшу і прыстасаванства. Хай над такім чалавекам часам смяюцца. Хай ім пагарджаюць спрытнюгі-прыстасаванцы і кар'ерысты і лічаць яго дзіваком. Усё роўна менавіта такі чалавек, а не людзі, падобныя на яго насмешнікаў, з'яўляецца сапраўдным чалавекам, сімвалам чалавечнасці, пошуку, летуценнасці. Такі чалавек падобны на легендарнага міфалагічнага героя Праметэя, які ахвяраваў сваім жыццём і шчасцем у імя агню, падараванага людзям:

Ты мяне вабіла і чаравала, высокае неба ідэала!

Хмурэў — ты ўсмешку мне вяртала.

Звярэў — ты мудрасць мне вяртала.

Хварэў — ты сілы мне вяртала...

Верны такім высокім маральным прынцыпам, паэт выбірае аб'ектам сатырычнага высмейвания ў многіх сваіх творах прыстасаванства. Яно можа быць, як сцвярджае аўтар, адкрытым і замаскіраваным. Другое — болын пачварнае і страшнае, бо звычайна цягне за сабой плёткі, няшчырасць, калечыць чалавечыя душы, вядзе да духоўнага вымірання і здрабнення чалавецтва.

Вярцінскі не любіць жыццё спакойнае і застойнае. Не выпадкова адзін з самых арыгінальных сваіх зборнікаў ён назваў сімвалічна і разам з тым проста, зразумела — «Ветрана». Ветранасці прагнула яго душа ў пачатку дарогі. Ветранасці як формы існавання, якая не дае чалавеку і чалавецтву стаяць на месцы, вымушае яго рухацца, духоўна абнаўляцца і ачышчацца. Ветранасці як гарантыі пастаянных зменаў да лепшага (нават праз часовыя няўдачы) на планеце Зямля. Справядлівец, паэт абараняў і па-ранейшаму абараняе людзей, адкідаючы паняцце «простыл людзі» (калі ж вы ўсё зразумееце, што людзі «вялікія тое ядуць, Што людзі простыл ім дадуць? » — пытаўся ён у іх у канцы 60-х гадоў), даводзячы да іх свядомасці, што жыць па-людску — гэта азначае ісці наперад, рухацца, шукаць. Ён увесь у імкненні аднавіць праўду і справядлівасць на зямлі, у роднай краіне. Ён роздумны, аналітычны. Але не настолькі, каб знішчана было канчаткова пачуццё. Аналітычны і страсны. Ён кантрастны ў сваіх многіх вершах. I тых, што пра мінулую вайну, якая развяла жывых і мёртвых, пакінула пасля сябе спаленыя Хатыні, чорныя папялішчы, адабрала ў мацярок іх адзіную радасць і ўцеху — дзяцей і кінула старых, нямоглых людзей сам-насам з цішынёй, бядой, скрухай.

Калі па вялікім рахунку гаварыць і пісаць, дык Вярцінскі — дастойны пераемнік і прадаўжальнік традыцый грамадзянскай паэзіі ў нашай нацыянальнай літаратуры, якая так выразна выявіла сябе ў 19 стагоддзі ў творчасці Багушэвіча, пазней, у 20 — у спадчыне Пімена Панчанкі, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка. Заканамерна паставіць пытанне: «А каму гэты паэт перадасць эстафету такой страснай і бескампраміснай паэзіі?
“Дзеяслов”

Рукапісы не губляюцца...

Анатоль Вярцінскі прапануе ўвазе чытачоў своеасаблівае невялікае “выбранае” – падборку вершаў, якія аб’ядноўвае адна акалічнасьць: напісаныя ў розныя гады, яны нідзе і ніколі, па розных прычынах, не публікаваліся.
^ Вясновы ўспамін

...Я ў доме адпачынку.

Першы, другі заезд. І вось сустракаю дзяўчынку – лепшую з нявест.

Нявестай яна ня стала.

Яна – ня жонка мая.

Але больш стройнага стана

ніколі ня бачыў я.

Точаныя ножкі,

вытачаны твар.

Вочы – раскосыя трошкі,

Такія, як у татар.

Мы з ёй – на алеі парка,

Гуляем з ёю ў лато.

«Вы, Оля, хто – татарка?»

«А вы угадайце – хто.

Не угадаеце? Цяжка?

Тады матайце на вус.

Чувашка я, чувашка,

Таварыш, белы рус!

Ня ведаць такой нацыі!

Ведаць пара даўно...»

Мы з Оляй ідзем на танцы,

З Оляй ідзем мы ў кіно.

Што нам трэба болей.

Ёсьць у нас маладосьць,

Ёсьць у Толі — Оля,

А ў Олі — Толя ёсьць.

А ў Олі сэрца ранімае –

Проста бяда адна!

А ў Олі сэрца раўнівае—

Як раўнавала яна!

Якою страшнаю караю

Тады пагражалі мне

З раскосінкай, карыя,

Чувашскія вочы яе!

Калі ж адыходзіў поезд,

Калі раставаліся мы,

Былі ў вачах тых – боязь,

Любоў і боль нямы.

Мы не спаткаліся болей.

Увесь успамін. Амін...

...Дзякуй табе, Оля,

за гэты вось успамін!

Сакавік, 1956
Заводзім...

Ранкам, калі адзьвіняць будзільнікі,

Заводзім наручныя гадзіньнікі.

Заводзім маторы, размовы заводзім,

Заводзім канвеер на заводзе.

Разам з спружынамі і пасамі

Заводзім сябе, заводзімся самі.

Заводзім так свае душы і целы,

Каб іх хапіла на дзень цэлы,

Каб дастаткова было саміх

Для клопатаў дзённых, дзённых шуміх.

А вечарам, зьняўшы з рук гадзіньнікі,

Заводзім стомлена будзільнікі...

1957
^ За чыё здароўе п’ем?

Лірычна-сатырычнае прызнаньне

Вы, мабыць, чулі гэты тост,

Які калісь прыдумаў хтось,

Што абышоў паўсьвета:

«Ну, за здароўе вераб’я!»

Нядаўна здагадаўся я,

Што азначае гэта.

Я галаву ламаў раней:

«Прычым тут шэры верабей?»

Разгадваў я загадку

Наконт здароўя вераб’я.

Нарэшце, здагадаўся я.

Але пачну спачатку...

Нядаўна быў я ў гасьцях.

Пілі і елі – проста жах!

Гарэлкі было мора.

Так. Што займала дых

і слых,

Пілі ўсе за здароўе ўсіх –

Ніхто ня быў, каб хворы.

І я там быў,

і я там піў,

Усё, як іншыя, рабіў,

Чуў тосты зноў і зноў я –

За мір, за шчасьце, за жыцьцё,

А перш за ўсё, а перш за ўсё –

Вядома, за здароўе.

Тры дні балела галава,

Хадзіў, як безгаловы.

Загадка мучыла адна:

«Піў за здароўе я да дна,

Чаму ж я нездаровы?»

Тут аб’явіўся верабей;

«Затое я стаў здаравей,

Стаў весялей чырыкаць!

Як зноў пачуеш «будзь здароў!» –

Мяне і іншых вераб’ёў

Не забывай паклікаць...»

То была ява, а ня цуд,

Інакш як вытлумачыць тут.

П’ю дома ці ў сяброў я,

Чым больш я за здароўе п’ю,

Тым больш я ад хвароб цярплю,

Тым менш яго, здароўя?

1957
^ Начное разьвітаньне

Пакідаў гарадок я рана-рана.

Рана цябе пакідаў, Сьвятлана.

Маўчала ноч,

Сьціснуўшы зубы, —

Як даўшы абет

Маўчаць да згубы.

Я ўбачыў твой дом.

Тваю таполю.

Прашу: «Пачакай!»

«Пасігналь!» – прашу.

І ён зразумеў маю душу.

Побач сігнал выбухае імгненна.

Наўрад ці ёсьць вогненная геенна,

А гукавая геенна ёсьць.

Я ў ёй варуся –

Вось яна, вось!..

Пакідаў гарадок я рана-рана,

Калі ты соладка спала,

Сьвятлана.

Ці ты чула, можа,

праз сон,

Як узвыў пад акном клаксон.

Узвыў на высокай,

трывожнай ноце –

Я пакідаў цябе ў адзіноце.

Трубіў трывожна – мяне самога

Нейдзе чакала

зноў самота.

Трубіў трагічна...

Сьвятлана, Сьвятлана!

Сьпі спакойна да сьвітаньня.

Сьпі, пакуль прыдзе дзень

на зямлю.

Сьпі мілая,

я цябе люблю...

Лістапад, 1958
Сітуацыя

Мне раптам здалося,

што мой візаві

Глядзіць на мяне неяк коса.

Я ўдарыў яго вышэй носа.

Як хочаш, так гэта назаві,

А я ударыў яго да крыві,

Заехаў па твары проста.

«За што?!» – схапілі мяне за руку.

«Ты варвар!» – мне крыкнуў хтосьці. —

«Не давай волі кулаку!»

«Хто цябе зваў у госьці?!»

А мой візаві размахнуўся

і – раз! —

Ударыў мяне па твары.

«Вы бачылі?! –

крыкнуў я у адказ.

— Варвар я ці ня варвар?

Ну, што вы скажыце цяпер?

Значыць, ён меў варожы намер.

Значыць, хацеў задрацца ён,

Значыць, меў я рацыю,

Значыць, правільна я зрабіў,

Што першы морду яму набіў...

Што? Ён ня вінны,

Ён ні прычым?

Мне ўсё гэта здалося?

Што? Не было ніякіх прычын

Біць яго па носе?

Дык ён апраўдваецца ўсяляк!

Ён жа нахабнік проста!..»

І тут я зноў занёс кулак,

Толькі ўжо болей злосна...

1965
^ Паэма любові

Фрагменты

* * *

Стварыць бы паэму асноўную.

Паэму ня столькі слоўную,

Колькі духоўную, кроўную

Колькі з душы – крыві.

Паэму асноўную, поўную

Любові і дабрыні.

* * *

Любое жывое хоча любові.

Ні болей, ні меней. Ні меней, ні болей.

«Любові, любові! Любасьці сьветлай!» –

Мне чуецца ў подыху весьняга ветру.

«Любові!» – мне чуецца ў песьні радзіннай.

Мне чуецца ў плачы сіраціны

Шмат чаго я нелюбоўю тлумачу.

Было б больш любові – было б іначай.

* * *

Нянавісьць вядзе на расправу,

Нянавісьць вядзе на разбой.

Любоў – на добрую справу,

Любоў – на праведны бой.

Нянавісьць вядзе завулкам

Цёмным, глухім, як зло.

Шляхам прасторным і гулкім

Любоў вядзе на сьвятло.

Нянавісьць вядзе на грані

Сьмерці і забыцьця.

Любоў абуджае ўраньні

Да вечнага жыцьця.

* * *

Любоў, як дрэва, расьце з зямлі,

А цягнецца ў паднябесьсе,

Туды, дзе лебедзі, дзе жураўлі,

Дзе воблакі, дзе песьня...

Верасень1966
Вятлуга
Я Волгу убачыў, убачыў Аку.
А потым – яшчэ адну раку.
Гляджу на яе я, дзіўлюся, слухаю...
Называюць яе Вятлугаю.
Хаця ня Волга яна, не Ака.
Але слаўная ўсё ж рака.
Яна ў тых краях імкне – плыве,
Дзе казка пра горад Кіцеж жыве...
Ці быў той Кіцеж, ці быў, ці ёсьць?
А Вятлуга... Вось яна, вось!
Над Вятлугаю ветры веюць.
Над Вятлугаю вербы сінеюць.
Над Вятлугаю – смуга.
А за Вятлугаю – тайга.
Над Вятлугаю сонца ўзыходзіць.
Нас з табой тут знаходзіць,
Шле нам сьветлы свой прамень,
Кажа ветла: «Добры дзень!»
Над Вятлугаю плыве лета.
Маё сэрца ім сагрэта,
Яшчэ плыньню цёплай рачной
Ды пяшчотаю тваёй.
Над Вятлугай – зара-заранка.
Я вельмі ўдзячны табе, валжанка,
За Вятлугу, што побач плыве,
За блакітныя вочы твае!
Над Вятлугаю месяц ўзыходзіць,
Нас з табой тут не знаходзіць.
За Вятлугаю – тайга.
А ў душы маёй – туга.
1972

^ Сон пра дзіўны дом
Сьніўся мне сёньня дзіўны дом.
Былі ў ім зьмешаны верх са дном.
Падлога была ў ім пад страхой,
А столь скрыпела пад нагой.
Было ўсё навыварат, наадварот...
Стаялі вароты – адсутнічаў плот.
Быў комін і засланка была,
Ды печ стаяла без цяпла.
Бо ўсё падбіралі – дзіўная рэч! —
Да засланкі той іншую печ.
Неверагодны быў гэты дом.
Хадзіў я з ключом па ім, нібы гном.
Але да ключа таго, як знарок,
Не падыходзіў ніводзін замок.
Гучала ў тым доме каханай імя.
Ды толькі ня мог сустрэць яе я.
Гучала імя – не было самой.
Я ў доме гэтым быў сам ня свой...
Дзівіўся, убачыўшы дзень у вакне:
«Чаму гэткі дом прысьніўся мне?»
1977


^ Жартам і ўсур’ёз – да 30—годдзя Анатоля Сыса

Што сёньня дзеецца ў ЗША?
Там землятрус трасе Сан-Францыска.
А ў нас... у нас юбілей Сыса,
Гудзе паэтавай славы вятрыска.

Трыццаць – узрост яшчэ не Хрыстоў.
Ды гэта ўжо ўзрост аднаго з апосталаў.
Падобна, што юбіляр гатоў
Да апостальскага таго поступу.

Мы сёньня – ў адрозьненьне ад ЗША –
Жывем палітычнымі землятрусамі.
І не бяз чыннага ўдзелу Сыса
Тутэйшыя робяцца беларусамі.

Жадаю табе, дарагі Анатоль,
Былі каб заўжды – ні мала, ні многа, —
Над галавой – высокая столь,
Пад нагой – цвёрдая падлога.
Кастрычнік, 1989

^ Успамін пра паству

Ах, як не хацелася прачынацца!
Які быў моцны дзіцячы той сон –
На мулкім тым ложку, у цеснай той хатцы...
Мацнейшы за ранішні звон-перазвон.
Але праз сон той, салодкі, дзіцячы,
Даводзіў усё-ткі – нібы здалёк:
«Сынок, уставай! Прачніся! Сынок!
Сёньня ж, Толічка, наша радоўка.
Вунь нейчая ўжо мычыць кароўка.
Пэўна, Грыні павялі сваіх,
Яны выганяюць раней за ўсіх...»
Паспаць бы яшчэ з паўхвілі нейкай.
Вельмі ж цяжка было ўзьнімаць вейкі.
Ды будзіць каровінае «му-му».
Ды чую зноўку матулю саму:
«Сынок, уставай! Прачніся, золатка!»
Ах, як спалася тады соладка!
Ніколі так больш ня спалася мне.
Ні ў роднай, ні ў чужой старане.
Ды і пасьбы ўжо той больш не было.
Зьнікла, пайшла кудысь за сяло...
1993
І тут экран радара
Ня боская кара, ня вынік удара...
Проста зьнікаем з экрана радара.
Няясна, праўда, чыя гэта роля –
Ажыцьцяўляць той намер з кантролем?
1988

^ Лясныя дарожкі
Куды вядуць лясныя дарожкі?
Першая прывяла да старожкі.
Другая вывела на палянку.
А трэцяя, якой гуляў зранку,
Проста вывела раптам з лесу.
Ідзі, маўляў, да свайго прагрэсу
Ды чытай-гартай сваю прэсу...
1997

Пра адну залу
Зала была сапраўды Авальная.
Бачыў на ўласныя вочы яе.
Авальнай цяпер ужо не існуе:
Авальную зрабілі анальнай.
Помніце, сьпікер казаў пры нагодзе:
«Праходзьце, ня стойце ў заднім праходзе».
Прайшлі. Прыйшлі. Дайшлі да кропкі:
Ціснуць ягадзіцамі на кнопкі.
1999


Ці не глабальны цень?
«Цень КДБ над Альпамі»...
З газетнага загалоўка.
Цень КДБ над Альпамі,
Над Андамі, над Апенінамі,
Над горнымі, словам, краінамі...
Дык што ўжо казаць пра край мой –
З ягонымі баравінамі,
З ягонымі раўнінамі,
Сьціплым, наіўным,
З ягонаю пакорай,
Ніжэй за узровень мора.
2000
^ Памяці Максіма Лужаніна
Жаўтлявай рукой ахапіўшы лоб,
Ён гаварыў ціха, журботна:
«Жыцьцё пакідаць лягчэй было б,
Калі б быў лад у краіне роднай.
Лягчэй было б пакідаць гэты сьвет,
Каб болей шчасьціла народу,
Каб нашыя справы ішлі як сьлед,
А то ўсё неяк праз пень-калоду...»
2001

^ Жыцьцё прадаўжаецца...
Нешта амаль аптымістычнае
Братове, сябры,
ня будзем адчайвацца.
Жыцьцё ж не канчаецца,
жыцьцё прадаўжаецца.
Вунь голуб буркоча,
вунь носіцца чаіца...
Жыцьцё ж не канчаецца,
жыцьцё прадаўжаецца.
Са звонам трамвай вунь
імчыцца, спяшаецца...
Жыцьцё прадаўжаецца.
Надзея новая нараджаецца.
Жыцьцё прадаўжаецца.
Якое яно і як вырашаецца?
Але ж не канчаецца,
але ж прадаўжаецца.
Лісьцё асьвяжаецца.
Чуцьцё абуджаецца.
Дзіцё нараджаецца...
Жыцьцё прадаўжаецца.
Жыцьцё прадаўжаецца.
Жыцьцё прадаўжаецца!
2001

^ НЯ ПОМНЮ ТАКОГА ЛЕТА…
Ня помню такога лета,
Каб было столькі квета,
Каб было столькі кветкавай,
Пялёсткавай белізны,
Каб яблыні так квітнелі,
Бялелі, ружавелі, —
Пасьля непагоды – слоты,
Пасьля халоднай вясны.

Ня помню такога лета,
Каб было столькі квета,
Каб яблыні так квітнелі,
Каб так цьвілі сады.
Так хораша, так шчодра!
Каб так краналі пяшчотна
Душы маёй лады!

Нібы казала прырода
Людзям майго народа:
«Ведаю, людзі добрыя,
Што радасьці вам нестае.
Дык вось, мае любыя дзеці,
Глядзіце на гэтую квецень,
Глядзіце і любуйцеся,
І цешцеся, дзеці мае!»

Я глядзеў на яблыні,
На гэты цуд новаяўлены,
Я глядзеў на квецень
І адыходзіў душой.
Такое было адчуваньне.
Такое хваляваньне,
Якое бывае ў храме
З яго ўрачыстай імшой.

Ня помню такога лета,
Каб было столькі квета
І каб быў такім цудам
Ён з сваёй белізной – чысьцінёй,
Быў выклікам яўным гэткім
Нежывым розным кветкам,
Бруду, брыдоце рознай,
Мярзоце ўсялякай зямной.

Не помню такога лета,
Каб было столькі квета
І каб быў такі сьветлы,
Як першы сьнегапад,
Як юначыя мроі,
Як вясельныя строі…
Ня помню такога лета,
Каб квітнеў так мой сад!
Чэрвень 2006


^ Т в о р ы  А. В я р ц і н с к а г а


    Хлопчык глядзіць… : выбраныя вершы і паэмы / Анатоль Вярцінскі. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1992. - 318 с. : іл. - Змест: З кнігі "Тры цішыні", 1966; З кнігі "Чалавечы знак", 1968 : [у т.л. паэмы "Дажынкі", "Заазер'е"]; З кнігі "З'яўленне", 1975; З кнігі "Час першых зорак", 1976; З кнігі "Ветрана", 1976; Вершы розных гадоў, 1964-1990.
    Святло зямное : выбраныя вершы і паэмы / Анатоль Вярцінскі. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1981. - 430 с., 1 л. партр.
    У зборнік увайшлі творы паэта з кніг "Песня пра хлеб" (1962), "Тры цішыні" (1966), "Чалавечы знак" (1968), "З'яўленне" (1975), "Час першых зорак" (1976), "Ветрана" (1979), вершы розных гадоў, а таксама паэмы "Песня пра хлеб", "Дажынкі", "Заазер'е", "Начны бераг", "Колькі лет, колькі зім!".
    Жанчына. Мужчына. Каханне… : лірыка / Анатоль Вярцінскі. - Мінск : Чатыры чвэрці, 2003. - 63 с.
    Вечный восход : стихи и поэмы : авторизованный перевод с белорусского / Анатоль Вертинский. - Москва : Советский писатель, 1982. - 159 с. : ил., 1 л. портр. - Содержание: [Стихи ; Поэма "Ночной берег" ; Отрывки из "Поэмы погоды"].
    Любоў адкрывае скарбы : [вершы, урыўкі з паэм] / Анатоль Вярцінскі // Сталасць думкі, маладосць душы : зборнік паэзіі : [для ст. школьнага ўзросту] / [укладанне Міколы Мятліцкага]. Мінск, 2000. С. 182-249.
    Дзякуй, вялікі дзякуй! : п'есы : [для сярэдняга і ст. школьнага ўзросту] / Анатоль Вярцінскі. - Мінск : Юнацтва, 1983. - 102 с. : іл. - Змест: Гефест - друг Праметэя ; Дзякуй, вялікі дзякуй! ; Скажы сваё імя, салдат.
    Трывожны досвітак : артыкулы, выступленні, інтэрв'ю / Анатоль Вярцінскі. - Мінск : Беларусь, 1994. - 160 с.
    Нью-йоркская сірэна : публіцыстычныя нататкі / Анатоль Вярцінскі. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1987. - 343 с. : іл.
    Высокае неба ідэала : літаратурная крытыка і публіцыстыка / Анатоль Вярцінскі. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1980. - 333 с.
А б  ж ы ц ц і  і  т в о р ч а с ц і  п і с ь м е н н і к а


    Вярцінскі Анатоль Ільіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 397.
    Вярцінскі Анатоль Ільіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 441.
    Вярцінскі Анатоль Ільіч // Беларусь : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1995. С. 198.
    Вярцінскі Анатоль // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / [пад рэдакцыяй А.В. Мальдзіса]. Мінск, 1993. Т. 2. С. 72-80.
    Анатоль Вярцінскі // Беларускія пісьменнікі (1917-1990) : даведнік / [складальнік А.К. Гардзіцкі]. Мінск, 1994. С. 113-114.
    Вярцінскі Анатоль Ільіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 719-720.
    Вярцінскі Анатоль Ільіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / пад агульнай рэдакцыяй А.В. Сабалеўскага. Мінск, 2002. Т. 1. С. 231.
    Анатоль Вярцінскі / Святлана Бартохава, Ніна Мацяш, Уладзімір Скарынкін [і інш.] // Крыніца. 1994. № 8. С. 55-73.
    Матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменніка.
    Драздова, З.У. Анатоль Вярцінскі / [Драздова З.У.] // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. / [навуковыя рэдактары : У.В. Гніламёдаў, С.С. Лаўшук]. Мінск, 2002. Т. 4, кн. 1. С. 439-465.
    Русілка, В.І. Анатоль Вярцінскі / В.І. Русілка // Літаратурныя постаці Віцебшчыны : зборнік навуковых артыкулаў / [пад рэдакцыяй А.У. Русецкага і В.І. Русілкі]. Віцебск, 2001. С. 53-74.
    Русілка, В. Вучыць чалавечнасці : штрыхі да літаратурнага партрэта Анатоля Вярцінскага / Вольга Русілка // Полымя. 1997. № 5. С. 259-274.
    Жуковіч, В. Асоба і шчымліва-праўдзівае слова : нататкі пра Анатоля Вярцінскага / Васіль Жуковіч // Маладосць. 2001. № 11. С. 208-223.
    Ярац, В. Дзве згадкі : эсэ / Віктар Ярац // Полымя. 2001. № 11. С. 212-219.
    Эсэ прысвечана творчасці А. Вярцінскага.
    Русецкі, А.У. Ісці да людзей : (Анатоль Вярцінскі) / Аркадзь Русецкі // Ісці да чалавека : літаратурныя партрэты / Аркадзь Русецкі. Мінск, 1987. С. 227-258.
    Бярозкін, Р.С. "…Каб перадаць само гарэнне" / Рыгор Бярозкін // Паэзія - маё жыццё : літаратурна-крытычныя артыкулы / Рыгор Бярозкін. Мінск, 1989. С. 276-285.
    Творчы партрэт А. Вярцінскага.
    Бечык, В.Л. На аснове чалавечай роднасці… : (Анатоль Вярцінскі) / Варлен Бечык // Прад высокаю красою… : літаратурна-крытычныя артыкулы / Варлен Бечык. Мінск, 1984. С. 89-107.
    Тое ж // Выбранае / Варлен Бечык. Мінск, 1989. С. 268-286.
    Лойка, А.А. Пераадоленне / Алег Лойка // Паэзія і час : літаратурна-крытычныя артыкулы, творчыя партрэты / Алег Лойка. Мінск, 1981. С. 202-211.
    Творчы партрэт А. Вярцінскага.
    Гніламёдаў, У.В. Вершы мае - пісьмы : (Анатоль Вярцінскі) / Уладзімір Гніламёдаў // Ля аднаго вогнішча : літаратурна-крытычныя артыкулы / Уладзімір Гніламёдаў. Мінск, 1984. С. 92-103.
    Колас, Г. Школа дабраты : (нататкі пра драматургію Анатоля Вярцінскага) / Георгій Колас // Вобраз-86 : літаратурна-крытычныя артыкулы / [складальнік Т. Чабан]. Мінск, 1986. С. 101-122.
    Чабан, Т. "І прыйдзе час…" / Тамара Чабан. Яго чалавечы знак / Сяргей Законнікаў // Маладосць. 1991. № 11. С. 146-155.
    Гоўзіч, І.М. Стыль Анатоля Вярцінскага як адметная мастацкая сістэма / І.М. Гоўзіч // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні : матэрыялы навуковай канферэнцыі, 24 кастрычніка 2001 года, Гродна, Рэспубліка Беларусь / [рэдакцыйная калегія : У.І. Каяла (адказны рэдактар) і інш.]. Гродна, 2002. С. 184-189.
    Гоўзіч, І. Паэзія А. Вярцінскага ў сістэме эстэтычных каштоўнасцяў, створаных філалагічным пакаленнем / І. Гоўзіч // Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай : матэрыялы IV Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай" (Мінск, 12-14 кастрычніка 1999 г.) : у 2 ч. Мінск, 2000. Ч. 1. С. 65-67.
    Бугаёў, Дз.Я. Споведзь даверлівая і шчырая / Дзмітрый Бугаёў // Талент і праца : літаратурная крытыка / Дзмітрый Бугаёў. Мінск, 1979. С. 307-319.
    Пра кнігу паэзіі "Тры цішыні".
    Гардзіцкі, А.К. "Ні дня без падзеі…" / Аляксей Гардзіцкі // Гутаркі : інтэрв'ю, дыялогі пра літаратуру / Аляксей Гардзіцкі. Мінск, 1988. С. 58-69.
    Пра зборнік "Ветрана".




Скачать файл (169.5 kb.)

Поиск по сайту:  

© gendocs.ru
При копировании укажите ссылку.
обратиться к администрации
Рейтинг@Mail.ru