Logo GenDocs.ru

Поиск по сайту:  

Загрузка...

Лекции по История Беларуси (на белорусском языке) - файл Лекцы_. Гiсторыя Беларус_.doc


Лекции по История Беларуси (на белорусском языке)
скачать (107.6 kb.)

Доступные файлы (1):

Лекцы_. Гiсторыя Беларус_.doc453kb.26.12.2010 23:00скачать

содержание
Загрузка...

Лекцы_. Гiсторыя Беларус_.doc

  1   2   3
Реклама MarketGid:
Загрузка...

Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі

Першае пранікненне чалавека на тэрыторыю Беларусі адбылося ў прамежку часу 100 – 40 тыс. гадоў назад. Такая недакладнасць у вызначэнні тэрміну тлумачыцца тым, што ў старажытнасці беларускія землі былі заняты ледавіком. Ледавіковая эпоха пачалася каля 500 тыс. гадоў таму назад і скончылася толькі ў 9 тыс. да н. э. Ледавік не знаходзіўся на адным месцы. Ён рухаўся ў залежнасці ад змены клімату з поўначы на поўдзень і наадварот. Вучоныя вылучаюць найбольш моцныя зледзяненні: бярэзінскае (480 – 390 тыс. гадоў назад), дняпроўскае (320 – 250 тыс. гадоў назад) і паазерскае (105 – 85 тыс. гадоў назад). Археолагамі былі знойдзены прылады працы (востраканечнікі, скрэблы, рубілы) найстаражытнейшых людзей на поўдні Беларусі каля вёсак Клеявічы і Абідавічы. Каля 40 – 10 тыс. гадоў назад на тэрыторыі Беларусі з’явіліся людзі сучаснага фізічнага тыпу. Ім належаць стаянкі ля вёсак Юравічы (больш за 26 тыс. гадоў назад) і Бердыж (больш за 23 тыс. гадоў назад).

Найбольш характэрным паказчыкам узроўню развіцця чалавечай дзейнасці лічацца матэрыялы, з якіх вырабляліся прылады працы. На гэтай падставе вучоныя вылучаюць каменны век (да канца 3 тыс. да н. э.), век медзі і бронзы (канец 2 тыс. – пач. 1 тыс. да н. э.) і жалезны век (пач. 1 тыс. да н. э. – да VII-VIII стст. н. э.). У сваю чаргу каменны век падзяляюць на палеаліт (старажытнакаменны – да адступлення ледавіка), мезаліт (сярэднякаменны – 9 – 5 тыс. да н. э.) і неаліт (4 – 3 тыс. да н.э.). Асноўным заняткам у эпоху палеаліту былі збіральніцтва, лоўля рыбы і паляванне. Толькі ў мезаліце тэрыторыя Беларусі была заселена поўнасцю. Першыя паселішчы будаваліся ў асноўным на берагах рэк і азёр. Жытлы былі наземныя і паўзямлянкавыя. У кожным жытле мясцілася адна сям’я. Жыхары аднаго паселішча складалі сваяцкую абшчыну, якая была часткай буйнейшага аб’яднання – племені. Людзі таго часу карысталіся лукам, стрэламі, сякерамі і нажамі з крамянёвых пласцін. Тады ж з’явілася першая свойская жывёла – сабака. У неаліце пачалі актыўна выкарыстоўваць шліхтаваныя каменныя прылады працы, керамічны посуд, зарадзіліся земляробства і жывёлагадоўля.

Найбольш старажытныя назвы азёр, рэк і паселішчаў Беларусі сведчаць пра тое, што першымі людзьмі сучаснага тыпу былі фінамоўныя плямёны. Але ў канцы 3 тыс. да н. э. яны выціснуты балтамі, з прыходам якіх пачаўся век медзі і бронзы. Медзь і волава, з якіх вырабляецца бронза, не здабываліся на Беларусі. Іх завозілі з-за мяжы, таму металічныя прылады пакуль што заставаліся рэдкімі. У VIII – VII стст. да н. э. людзі навучыліся выплаўляць з балотнай руды жалеза. Выкарыстанне жалезных прыладаў працы і зброі змянілі чалавечы побыт. Войны і ваенныя набегі ператвараліся ў звычайную справу. Таму паселішчы пачалі ўмацоўвацца драўлянымі сценамі, пазней – землянымі валамі і шырокімі рвамі.

У VI ст. да н. э. упершыню з'яўляюцца пісьмовыя дадзеныя пра тагачасных жыхароў беларускіх зямель. Іх пакінуў старажытнагрэчаскі пісьменнік Герадот. Падчас працы над сваім творам "Гісторыя" ён наведаў краіну качавога народа скіфаў у Паўночным Прычарнамор'і, дзе збіраў звесткі аб барацьбе скіфаў з персідскім царом Дарыем. Разам з тым, ён пакінуў нататкі пра іншыя народы Усходняй Еўропы, у тым ліку пра неўраў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Герадот пісаў: "У неўраў звычаі скіфскія. За адно пакаленне да паходу Дарыя ім прыйшлося пакінуць сваю краіну з-за змеяў. Таму што не толькі іх асабістая зямля нарадзіла шмат змеяў, але яшчэ больш іх напала з пустыні знутры краіны. Вось чаму неўры былі вымушаны пакінуць сваю зямлю і пасяліцца сярод будзінаў. Гэтыя людзі, магчыма, чараўнікі. Бо скіфы і эліны, якія жывуць сярод апошніх, сцвярджаюць, што кожны неўр штогод на некалькі дзён ператвараецца ў ваўка, а потым зноў прымае чалавечае аблічча. Мяне гэтыя байкі, канешне, не могуць упэўніць; тым не менш пра тое кажуць і нават клятвенна сцвярджаюць гэта".

Як бачым, звесткі Герадота выглядаюць загадкава і нават фантастычна. Аднак і ў іх можна знайсці рацыянальнае зерне. Яшчэ на пачатку ХХ ст. на Беларусі былі распаўсюджаны культ хатніх вужоў, казкі і легенды пра вогненных змеяў і пярэваратняў-ваўкалакаў. Такім чынам, мы можам прасачыць пэўную сувязь паміж культурай старажытных насельнікаў Беларусі і іх паслядоўнікаў. Якім жа чынам яна адбывалася?

У VI – VII стст. н. э. на тэрыторыю Беларусі з Вісла-Одэрскага міжрэчча пачалі прасоўвацца славянскія плямёны. Да IX ст. яны занялі большую частку Беларусі. Толькі на паўночным захадзе захаваліся балцкія плямёны літвы, латгалаў, яцвягаў і інш. Рух славян пачынаўся ў эпоху, якую гісторыкі называюць "вялікім перасяленнем народаў". Прычынамі перасялення маглі быць перанаселенасць месцаў першаснага пасялення, а таксама ваенныя сутыкненні з іншымі плямёнамі і народамі. Той факт, што многія знойдзеныя археолагамі балцкія паселішчы VI – VIII стст. былі спаленыя, сведчыць пра тое, што славяне прыйшлі на землі Беларусі як заваёўнікі.

У раёнах свайго пасялення славяне часткова выціснулі балтаў, часткова знішчылі, астатнія рэшткі асімілявалі. Асіміляцыя магла ісьці праз шлюбы паміж славянамі-мужчынамі і захопленымі ў палон балцкімі жанчынамі. Менавіта жанчыны займаліся выхаваннем дзяцей і перадавалі ім у спадчыну рэшткі сваёй традыцыйнай культуры. Гэты працэс працягваўся даволі доўгі перыяд, асабліва на поўначы Беларусі. Такім чынам, балцкая культура таксама ўвайшла ў паўсядзённае жыццё мясцовых славян.

Славяне, падобна іх папярэднікам, жылі ў вялікіх сем’ях. Сем’і складалі сваяцкую абшчыну (род). Род распараджаўся зямлёй вакол паселішча і большасцю прыладаў працы. Абшчыны аб’ядноўваліся ў плямёны. Але меліся і значна большыя аб’яднанні - саюзы плямён: крывічы, радзімічы і дрыгавічы. Крывічы (палачане) насялялі басейн Заходняй Дзвіны і верхняга Падняпроўя, радзімічы – Пасожжа, а дрыгавічы – Палессе і цэнтральную частку Беларусі.

Рэлігія славян гэтага перыяду ўяўляла сабой паганства (язычніцтва) – рэлігійныя вераванні, абрады і святы, выпрацаваныя на працягу стагоддзяў да з’яўлення манатэізму - веры ў адзінага Бога. Сярод багоў славянскага пантэона пераважалі звязаныя з земляробствам і жывёлагадоўляй Пярун, Дажджбог, Грамніца, Вялес, Стрыбог, Цёця, Ярыла, Купала, Жыцень; увасабленні "культу продкаў" Род і Рожаніца, а таксама шматлікія духі (вадзянік, дамавік, лесавік, багнік і г. д.). Некаторым з багоў нават прыносіліся чалавечыя ахвяры. Пры пахаванні быў распаўсюджаны абрад трупаспальвання. Святы і абрады пераважна звязваліся з цыклам земляробчых работ.



^ Першыя дзяржаўныя ўтварэнні на беларускіх землях




Прыход славян на беларускія землі супаў з пачаткам хуткага разлажэння рода-племянных адносін і фарміравання феадальнага ладу. Прычынамі таму былі ўсё больш імклівы падзел працы, хуткае развіццё эканамічных стасункаў, а таксама войны, якія ўзвысілі магчымасці правадыроў племені – князёў і вузкага кола набліжаных да іх ваяроў – баяр і дружыннікаў. Сваяцкая абшчына паступова саступіла месца суседскай (мір, грамада і г. д.). Мясцовая знаць імкнулася захапіць абшчынныя ці пакуль незанятыя землі ў прыватную ўласнасць. Прыватныя землі насілі назву вотчынаў. У Х ст. ўзгадваюцца княскія вотчыны, у ХІ - ХІІ стст. - баярскія і манастырскія. Працавалі на гэтых землях рабы (халопы) ці залежныя ад гаспадара сяляне - закупы, радовічы і ўдачы. Закупы сяліліся на землях феадала і атрымоўвалі ад яго своеасаблівы крэдыт - купу. Звычайна яна магла складацца з розных прыладаў працы, хатняй жывёлы і г. д. Радовічы заключалі з маёмаснікам зямлі спецыяльны дагавор - рад. Пакуль закуп не выплочваў купу, а радовіч не адпрацоўваў рад, ён залежыў ад феадала. Удачы часова працавалі на гаспадара.

Большасць сялян (смерды), пакуль захоўвалі асабістую свабоду, працавалі на абшчынных землях і плацілі раз у год князю даніну толькі прадуктамі лясной гаспадаркі (палюддзе). Сяляне вырошчвалі жыта (яравое і азімае), пшаніцу, лён, каноплі і іншыя культуры. У некаторых землях паша знаходзілася недалёка ад паселішчаў. Але таксама былі распаўсюджаны лясныя аблогі і высекі.

У немалой ступені развіццю вытворчасці садзейнічаў гандаль. Праз тэрыторыю Беларусі па рэках Заходняя Дзвіна і Днепр ішоў буйны гандлёвы шлях са Скандынавіі ў Візантыю ("з вараг да грэкаў"), па рэках Сож і Прыпяць – з Каспія ў Заходнюю Еўропу. Гандляры карысталіся грошамі – арабскімі, пазней заходнееўрапейскімі срэбранымі манетамі і срэбранымі ці залатымі зліткамі –грыўнямі. З Захаду на беларускія землі паступалі срэбра, металы і металічныя прылады працы, а таксама якасная зброя. З Усходу і Поўдню - тканіны, віно, соль, ювелірныя вырабы і г. д. З мясцовых зямель вывозіліся рабы, прадукты лясной гаспадаркі, асабліва пушніна, рамесныя тавары.

Цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады. Па летапісных звестках ужо ў IX ст. існаваў горад Полацк, у Х – Заслаўе і Тураў, у ХІ – Браслаў, Брэст, Віцебск, Друцк, Лукомль, Мінск і г. д. Гарады мелі моцныя абарончыя збудаванні. У найбольш узмоцненай частцы (дзядзінцы) жылі князь, баяры і дружыннікі. Вакол дзядзінца будаваўся пасад. Яго жыхарамі былі рамеснікі і гандляры. Гараджане, як і сяляне, аб’ядноўваліся ў абшчыны. Збор гараджан (веча) вырашаў самыя важкія пытанні. Так, Тураўскае веча выбірала епіскапа. Ад імя Полацкага веча падпісваліся міжнародныя дамовы. У 1151 г. па яго рашэнні з горада быў выгнаны князь Рагвалод і запрошаны мінскі князь Расціслаў. Але праз сем гадоў веча выгнала Расціслава і зноў запрасіла Рагвалода. У 1161 г., пасля паражэння ад мінскага князя Валадара, Рагвалод быў вымушаны збегчы ў Друцк, бо палачане былі настроены супраць няўдалага князя.

Гарадская гаспадарка яшчэ ў значнай ступені заставалася аграрнай. Недалёка ад гарадоў знаходзіліся палеткі і выпасы для жывёлы. Гараджане трымалі авечак, кароў, коз, свіней, гусей і г. д. Яны мелі сады і агароды.

Аднак кантроль над гандлёвымі шляхамі працяглы час знаходзіўся ў руках іншаземцаў. Напрыклад, радзімічы да Х ст. выплачвалі даніну прыкаспійскаму народу – хазарам. У канцы ІХ ст. уладу на большасці ўсходнеславянскіх зямель захапіла скандынаўская дынастыя Рурыкавічаў. Імі была заснавана феадальная дзяржава Русь з цэнтрам у Кіеве. Сярод першых беларускіх гарадоў, падначаленых Рурыкавічамі, узгадваецца Полацк. Але ў канцы Х ст. тут ужо правіла свая княжацкая дынастыя скандынаўскага паходжання на чале з Рагвалодам, які меў саюзныя адносіны з кіеўскім князем. У 980 г. наўгародскі князь Уладзімір падчас паходу на Кіеў захапіў Полацк, забіў Рагвалода і яго сыноў, а дачку Рагнеду прымусова ўзяў сабе жонкай. Падначаліўшы сабе яшчэ Кіеў, Уладзімір распачаў рэформы, якія павінны былі цэнтралізаваць дзяржаву. Самай важнай з іх было прыняцце хрысціянства.

Нягледзячы на спробы Уладзіміра і яго пераемнікаў аб’яднаць вакол Кіева ўсе рускія землі, мясцовыя князі вялі ўпартую барацьбу за незалежнасць. Ужо ўнук Уладзіміра і Рагнеды, полацкі князь Брачыслаў (1003 – 1044) адрозніваўся адносна незалежнай палітыкай. Каб спыніць з ім барацьбу, кіеўскі князь Яраслаў быў вымушаны падараваць Полацкаму княству Віцебск. Пры сыне Брачыслава, Усяславе (1044 – 1101) гэтая барацьба дасягнула свайго апагею. У 1065 г. Усяслаў напаў на Пскоў, у 1066 г. захапіў і разрабаваў Ноўгарад. Імкнучыся спыніць Усяслава, кіеўскі князь і яго браты стварылі ваенную кааліцыю. 3 сакавіка 1067 г. на рацэ Няміга яны разбілі войска палачан, разрабавалі і разбурылі Мінск. Усяслаў разам з сынамі патрапіў пад Оршай у палон. Але ў верасні 1068 г. падчас паўстання ў Кіеве ён быў вызвалены і ў 1071 г. заняў Полацк. У 1127 г. кіеўскаму князю Мсціславу ўдалося захапіць полацкіх князёў і саслаць іх у Візантыю. Аднак пасля яго смерці яны вярнуліся на радзіму.

Адносна самастойную палітыку вяло і Смаленскае княcтва. Пры князю Расціславе (1125 – 1159) яно фактычна вылучылася з Кіеўскай дзяржавы. У значна большай залежнасці ад Кіева знаходзілася Тураўскае княcтва. Адносную самастойнасць яно набыло толькі ў другой палове ХІІ ст.

У ІХ – ХІІ стст. працягваўся рух славянскіх перасяленцаў у паўночна-заходнія раёны. У ХІ – пач. ХІІ ст. у Панямонні вылучыліся Гродзенскае, Ваўкавыскае і Навагрудскае княствы. У другой палове ХІ – пач. ХІІІ стст. Полацкаму княcтву належалі балцкія землі ўздоўж Заходняй Дзвіны – княствы Герцыке і Кукенойс са славяна-балцкім насельніцтвам.



^ Перыяд феадальнай раздробленасці. Барацьба беларускіх княcтваў з іншаземнымі захопнікамі




У ХІІ ст. у гісторыі старажытнай Русі пачаўся перыяд феадальнай раздробленасці. Прычынамі таму былі слабыя эканамічныя і камунікацыйныя стасункі паміж рознымі рэгіёнамі, рост мясцовых эканомік і жаданне ўдзельных князёў адасобіцца ад цэнтральнай улады. Першае, пасля смерці Усяслава, распалася Полацкае княства. У другой палове ХІІ ст. амаль адразу пасля вылучэння з Кіеўскай дзяржавы распалася Тураўскае княства. У выніку на пачатку ХІІІ ст. на беларускіх землях існавала больш за 20 незалежных дзяржаўных утварэнняў. Некаторыя з іх былі даволі моцныя. Так, у 60 –70 гг. ХІІ ст. Полацкае і Віцебскае княствы трапілі ў залежнасць ад Смаленскага. Бярэсце і землі Панямоння залежалі ад галіцка-валынскага князя.

Феадальная раздробленасць мела станоўчыя і адмоўныя бакі. Яна давала больш шырокія магчымасці для развіцця розных зямель. Улада мясцовага князя была больш аператыўнай. Ён быў вымушаны абапірацца на мясцовых баяр, раздаючы ім землі і прывілегіі, што, несумненна, спрыяла развіццю феадальных адносін. Але з разбурэннем цэнтралізаванай дзяржавы парушаліся сувязі між рэгіёнамі. Паміж удзельнымі князямі ўсё часцей успыхвалі ваенныя канфлікты. Вядома, што такое становішча значна аслабіла палітычную моц беларускіх княcтваў, і яны сталі ахвярай іншаземных захопнікаў.

З канца ХІІ ст. нямецкія крыжакі пачалі планамерны захоп Прыбалтыйскіх зямель, частка якіх знаходзілася ў залежнасці ад Полацкага княcтва. На рацэ Заходняя Дзвіна былі пабудаваны полацкія калоніі - гарады Герцыке і Кукенойс. Іх насельніцтва было змешанае, часткова славянскае, часткова балцкае. Кіравалі Герцыке і Кукенойсам князі славянскага паходжання.

У 1201 г. ў вусці Заходняй Дзвіны нямецкі біскуп Альберт заснаваў крэпасць Рыгу. У 1202 г. з дапамогай папы рымскага ім быў створаны ваенна-манаскі ордэн мечнікаў. З 1234 г. ў Прусіі пачаў дзейнічаць Тэўтонскі ордэн. У 1237 г. ордэны аб’ядналі свае сілы. Галоўную ролю адыгрываў больш вядомы ў Еўропе Тэўтонскі ордэн. Але ордэн мечнікаў, які з гэтага часу зваўся Лівонскім (Інфлянцкім), таксама працягваў існаваць. Крыжакі ставілі перад сабой высакародную мэту – хрысціць Прыбалтыйскія землі. Іх войскі былі адносна невялікія, але даволі дысцыплінаваныя. На самай справе галоўнай мэтай крыжакоў было падпарадкаванне новых зямель і мясцовага гандлю.

У выніку ўпартай барацьбы з крыжакамі жыхары Кукенойса на чале з князем Вячкам пасля 1208 г. разбурылі свой горад і пакінулі яго. Сам князь перайшоў з дружынай на бок Ноўгарада і загінуў пры абароне крэпасці Юр'еў. Пасля 1230 г. пад уладу рыжскага біскупа трапіў Герцыке. Крыжакі ўрываліся на беларускія землі, сеячы смерць і спусташэнне. У 1203 і 1206 гг. полацкі князь Уладзімір рабіў паходы на крыжакоў, але яны былі няўдалыя. У выніку Полацк быў вымушаны ў 1210 г. падпісаць першы мірны дагавор з Рыгай. Праз шэсць гадоў Уладзімір здолеў стварыць моцную кааліцыю супраць рыцараў-мечнікаў. Але падчас падрыхтоўкі да паходу князь нечакана памёр. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ён быў атручаны крыжакамі.

У 1236 г. пад Шаўлямі нямецкія крыжакі пацярпелі моцнае паражэнне ад літоўскіх плямён. У 1237 г. яны былі разбіты пад Драгічынам валынскім князем Данілам. Вялікую ролю ў спыненні нямецкага наступу адыгрвлі бітвы 1242 г. на Чудскім возеры і 1260 г. на возеры Дурба. Аднак да поўнай перамогі было яшчэ вельмі далёка.

У другой палове 30-х гг. ХІІ ст. многія землі Усходняй Еўропы сталі ахвярай мангола-татарскага нашэсця. У 1238 г. мангола-татары разрабавалі і спустошылі Смаленскае княства. У 1239 г. іх атрады спустошылі значную частку паўднёва-ўсходняй Беларусі. У 1240 г. флангавыя атрады на чале з ханамі Гуюнкам і Кайданам уварваліся ў паўднёвую Беларусь, захапілі і разрабавалі Мазыр, Тураў, Пінск, Бярэсце. Аднак спроба Кайдана прасунуцца далей на поўнач скончылася яго паражэннем у бітве каля мястэчка Крутагор’е (зараз Дзяржынск).

Пасля вяртання з Заходняй Еўропы ў 1242 г. правадыр мангола-татар Батухан (Батый) заснаваў у Паволжы дзяржаву Залатая Арда, якой выплачвалі даніну ўсходнія і паўднёвыя рускія землі. У 1275, 1277, 1287, 1315, 1338 гг. залатаардынскія ханы рабілі паходы і на беларускія землі, але падпарадкаваць іх сабе не здолелі.



^ Беларускія землі у складзе Вялікага Княства Літоўскага




На працягу ХІ – ХІІІ стст. сярод літоўскіх плямён ішоў паступовы працэс ўтварэння сваёй дзяржаўнасці. Ужо ў 1235 г. летапісы прыгадваюць Літву Міндоўга, князя, якому ўдалося расправіцца з большасцю супернікаў. Вялікую ролю ў фарміраванні ВКЛ адыгралі і славянскія землі Чорнай Русі (Наваградскае і Гродзенскае княствы). Па сведчанню гісторыкаў XVI ст. менавіта Навагрудак быў першым палітычным цэнтрам ВКЛ. Заходне-літоўскія землі (Жамойція) канчаткова ўвайшлі ў ВКЛ толькі на пачатку XV ст.

Утварэнне ВКЛ ішло ва ўмовах пастаяннай барацьбы з нямецкімі крыжакамі і, на першых парах, з Галіцка-Валынскім княствам. У 1250 – 1251 гг., каб спыніць умяшальніцтва крыжакоў, Міндоўг прыняў каталіцтва, а ў 1252 г. – і каралеўскую карону. Але ў 1261 г. ён разарваў мір з Лівонскім ордэнам і адмовіўся ад каталіцкай веры. У 1263 г. князь быў забіты літоўскімі змоўшчыкамі. Пасля яго смерці ў ВКЛ ішла ўпартая барацьба за ўладу. Толькі пры княжанні Віценя (1293 – 1316) і Гедыміна (1316 – 1341) становішча стабілізавалася. Больш за тое, да ВКЛ далучыліся Полацкая, Віцебская, Мінская і Турава-Пінская землі. Прычынамі таму былі шлюбныя саюзы, а таксама жаданне князёў весці сумесную барацьбу з крыжакамі і татарамі. Пры далучэнні новых зямель вялікія князі абавязваліся "не рухаць старыны". У 1323 г. сталіцай ВКЛ стала Вільня, горад, які знаходзіўся на культурным памежжы балцкіх і славянскіх тэрыторый.

У 1345 г. пасля выгнання старэйшага брата Яўнуты ўлада ў ВКЛ была падзелена паміж сынамі Гедзіміна Альгердам і Кейстутам. Вялікім князем лічыўся Альгерд. У 1348 г. браты нанеслі паражэнне крыжакам на рацэ Стрэва. У 1355 г. ў склад ВКЛ увайшло Бранскае княства, а ў 1363 г. пасля бітвы з татарамі і кааліцыяй мясцовых князёў на рацэ Сінія Воды – амаль уся тэрыторыя сучаснай Украіны. Такім чынам, ВКЛ ператварылася ў адну з самых буйных дзяржаў Еўропы.

Пасля смерці Альгерда ўлада была перададзена аднаму з яго сыноў Ягайлу, які ў выніку вострых супярэчнасцей з Кейстутам (а пасля яго гвалтоўнай смерці – яго сынам Вітаўтам) і сваімі старэйшымі братамі на чале Андрэя Альгердавіча Полацкага падпісаў у 1385 г. у Крэве унію (саюз) з Польскім каралеўствам. Па ўмовах уніі Ягайла мог ажаніцца на польскай каралеве і сам стаць каралём. Узамен ён павінен быў на вечныя часы далучыць ВКЛ да Польшчы, перадаць ёй частку спрэчных тэрыторый і разам з падданымі прыняць каталіцкую веру. 4 сакавіка 1386 г. Ягайла стаў польскім каралём.

Аднак улада Ягайлы не была трывалай. Зноў успыхнуў канфлікт з Вітаўтам. Апошні збег у Ордэн і рабіў напады на ВКЛ. У 1392 г. Ягайла быў вымушаны падпісаць з ім Востраўскае пагадненне. Вітаўт абвяшчаўся вялікім князем, а Ягайла – найвышэйшым. Рэальная ўлада знаходзілася ў руках Вітаўта. Такім чынам, ВКЛ захавала сваю незалежнасць.

Час праўлення Вітаўта (1392 – 1430) лічыцца росквітам ВКЛ. 15 жніўня 1410 г. войскі ВКЛ і Польшчы ўшчэнт разбілі армію Тэўтонскага ордэна пад Грунвальдам. Вялікі князь актыўна ўмешваўся ў міжнародныя справы: заключаў дамовы з еўрапейскімі манархамі, змагаўся з татарамі і дапамагаў гусіцкім паўстанцам у Чэхіі. Аднак спроба Вітаўта падпарадкаваць сабе ўсходнія тэрыторыі скончылася паражэннем ў бітве на рацэ Ворскле (1399) ад татар. Няўдача чакала Вітаўта і ў барацьбе за каралеўскую карону. Пасля яго смерці ў ВКЛ зноў успыхнула грамадзянская вайна: за прастол змагаліся князі Свідрыгайла Альгердавіч (1430 – 1432) і Жыгімонт Кейстутавіч (1432 – 1440). Дзякуючы падтрымцы Польшчы, Жыгімонт перамог, але ў 1440 г. загінуў ад рук змоўшчыкаў.

У далейшым у сваёй палітыцы вялікія князі Казімір (1440 – 1492), Аляксандр (1492 – 1506), Жыгімонт Стары (1506 – 1548) і Жыгімонт Аўгуст (1548 – 1572) былі вымушаны арыентавацца на шляхецкае саслоўе. Яшчэ ў 1387 г. Ягайла выдаў агульназемскі прывілей, згодна якому феадалы, якія прымалі каталіцкую веру, атрымоўвалі тыя ж правы, што і польскія рыцары. Прывілеі 1413, 1432, 1434, 1447, 1492 і 1506 гг. значна пашыралі гэтыя правы. Цяпер яны распаўсюджваліся і на праваслаўную шляхту. Уся палітычная ўлада ВКЛ знаходзілася ў руках вялікага князя. Яму падпарадкоўваліся ўдзельныя князі, войска, ад яго імя выдаваліся дзяржаўныя акты, чыніўся суд, вялася знешняя палітыка.

Кіраваць дзяржавай вялікаму князю дапамагалі чыноўнікі – канцлер (фактычна кіраўнік урада), галоўнакамандуючы (гетман), казначэй (падскарбій), зборшчык даніны (цівун), каменданты замкаў (гараднічыя), і г. д. Ніжэйшае звенне чыноўнага люду складалі дзяржаўцы. Яны назіралі за дзяржаўнымі маёнткамі.

З ростам уплыву шляхецкага саслоўя значную ўладу, асабліва пасля 1501 г., набыў вальны сойм. Фактычна гэта быў своеасаблівы парламент. Аднак, у адрозненні ад іншых дзяржаў, у ім не прымалі ўдзел прадстаўнікі іншых саслоўяў. Выбары ў вальны сойм адбываліся падчас павятовых соймікаў, кожны з якіх дэлегіраваў па два паслы. Паслам уручаліся патрабаванні шляхты – наказы. Назад паслы прывозілі пастановы сойму – канстытуцыі.

Але галоўную ролю ў дзяржаве адыгрывалі буйныя феадалы – магнаты. Менавіта з іх складаўся ўрад ВКЛ – паны-рада. Многія вялікія князі з цягам часу станавіліся польскімі каралямі, таму паны-рада дзейнічалі ад іх імя самастойна. Тэрытарыяльна ВКЛ падзялялася на ваяводствы і меншыя адміністрацыйныя адзінкі – паветы і воласці. Ніжэйшым кіруючым звяном былі кіраўнікі сельскіх сходаў – старцы.

У першай палове XVI ст. у ВКЛ адбыліся тэрытарыяльна-адміністрацыйная, ваенная, судовая і заканадаўчая рэформы, якія спрыялі ўдасканаленню кіруючай сістэмы. Змены ў заканадаўстве былі адлюстраваны ў Статутах ВКЛ 1529 і 1566 гг. У той час Статуты лічыліся аднымі з найлепш распрацаваных кодэксаў заканадаўства ў Еўропе.

Цэнтралізацыя дзяржавы выклікала незадаволенасць сярод удзельных князёў, абсалютная большасць якіх спавядала праваслаўе. Незадаволенасць вылілася ў пераход некаторых з іх на бок Маскоўскага княства, Кіеўскай змове 1481 г. і паўстанні князёў Глінскіх 1508 г. Апошняе ўспыхнула падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай (1507 – 1508) Міхаіл Львовіч Глінскі, які ўзначальваў паўстанне, спавядаў каталіцтва, але звяртаўся за падтрымкай да праваслаўнага насельніцтва. У выніку яму прыйшлося перайсці на бок Масквы, дзе ён і памёр у 1534 г., кінуты ў турму вялікай княгіняй Аленай, роднай дачкой.

Такім чынам, беларускія землі склалі цэнтральную частку ВКЛ. Уключэнне Беларусі ў склад буйной дзяржавы ў сваю чаргу спрыяла яе цэнтралізацыі і далейшаму развіццю.




Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у другой палове ХІІІ – першай палове XVI стст.




У другой палове ХІІІ – першай палове XVI стст. працягвалася развіццё феадальных адносін. Асновай эканамічнага жыцця краіны заставалася сельская гаспадарка. У гэты час на Беларусі ўсё больш актыўна ўжывалася трохпольная сістэма, удасканальваліся прылады працы, што, несумненна, спрыяла павышэнню ўраджайнасці. Вялікую ролю адыгрывалі жывёлагадоўля і лясная гаспадарка. Паэт першай паловы XVI ст. Мікола Гусоўскі называў лес сапраўдным скарбам. Тут здабывалі драўніну, смалу, дзёгаць, палявалі, займаліся бортніцтвам. Каля лесу пасвіліся статкі. Некаторыя даследчыкі лічаць, што дзічына складала важную частку паўсядзённай ежы тагачасных жыхароў Беларусі. Нездарма ўлады імкнуліся зберагчы лес. Так, яшчэ вялікія князі Ягайла і Вітаўт надалі Белавежскай пушчы запаведны статус.

Вярхоўным уласнікам зямель лічыўся вялікі князь. У канцы XIV ст. з пашырэннем межаў дзяржавы і ліквідацыі буйных удзельных княстваў дзяржаўныя землі значна павялічыліся. Аднак у XV – XVI стст. вялікая колькасць зямель была перададзена феадалам за службу. Буйныя ўгоддзі атрымала таксама царква. Вялікі князь мог даць землі ў часовае карыстанне ("да волі і ласкі гаспадарскай", "да жывата"), на вечнасць ці перадаць у залог. У 1528 г. магнатам належала 46,4 % зямельных уладанняў. Дробная шляхта карысталася зямлёй на правах лена: калі шляхціц адмаўляўся ад службы, ён губляў свой надзел. Статуты 1529 і 1566 гг. гарантавалі перадачу зямлі не толькі мужчынам, але і жанчынам.

Дзяржава і феадалы жылі за кошт эксплуатацыі сялян. Сялянскі двор (дым) з’яўляўся падаткавай адзінкай у ВКЛ. Дзяржаўныя ці прыватныя землі перадаваліся ў карыстанне сялянскай абшчыне. Яна ж размяркоўвала яе паміж дымамі. За карыстанне зямлёй сяляне выконвалі розныя абавязкі. Адной з іх была даніна прадуктамі земляробства (дзякла), жывёлагадоўлі і лясной гаспадаркі (мезліва), а таксама грашовы падатак (чынш). У XV – XVI стст. галоўнай формай эксплуатацыі стала паншчына. Доўгі час сяляне падзяляліся на чэлядзь нявольную (фактычна рабоў), людзей пахожых (асабіста вольных) і непахожых (залежных ад уласніка зямлі). Большасць сялян належала да людзей пахожых. Аднак у XVI ст. амаль усе яны трапілі ў прыгон.

У XVI ст. з развіццём у Заходняй Еўропе рынкавых адносін і спецыялізацыі міжнароднага гандлю павялічыўся кошт збожжа. Вырошчванне жыта і пшаніцы ў больш развітых краінах не давала такіх вялікіх прыбыткаў, як, напрыклад, авечкагадоўля ці льнаводства. Да таго ж вырошчванне гэтых культур было надзвычай працаёмкае. Заходняя эканоміка патрабавала рабочых рук у іншых галінах дзейнасці – рамястве, пачатковай прамысловасці, здабычы карысных выкапняў і г. д. Таму купцы з Англіі, Нідэрландаў і Паўночнай Германіі аддавалі перавагу збожжу з Усходняй Еўропы. Дзяржава, якой патрабаваліся фінансавыя сродкі для вядзення вайны, і феадалы ВКЛ імкнуліся скарыстаць дадзеную сітуацыю ў сваіх мэтах.

У 1557 г. па прапанове вялікай княгіні Боны была праведзена аграрная рэформа – валочная памера. Усе землі, на якіх праходзіла памера, падзяляліся на роўныя надзелы – валокі (прыкладна 21,36 га). З трэцяй часткі валок складаўся фальварак – комплексная панская гаспадарка, прадукцыя якой была разлічана на рынак. Астатнія валокі перадаваліся дымам і падзяляліся на цяглыя і асадныя. Цяглыя сяляне павінны былі адпрацоўваць у фальварку паншчыну, асадныя ж у асноўным выплочвалі чынш. Былая чэлядзь нявольная атрымоўвала невялікія кавалкі зямлі (3 моргі) і ператваралася ў агароднікаў. У выніку рэформы была ліквідавана сялянская абшчына. Сяляне станавіліся прыгоннымі.

Спачатку памера адбывалася на дзяржаўных землях, але імклівы рост прыбытковасці фальваркаў вымусіў царкву і феадалаў правесці яе і ў сваіх уладаннях. Толькі на ўсходзе і поўначы Беларусі, дзе ішла вайна, прыйшлося абмежавацца пераводам сялян на чынш. Сялянская абшчына ў гэтых землях захавалася. Канчаткова запрыгоньванне сялян завяршыў Статут 1588 г.

Прычынамі запрыгоньвання сялян на Беларусі былі: 1) пашырэнне феадальнага землекарыстання; 2) імкненне феадалаў павысіць прыбытковасць сваіх гаспадарак шляхам эксплуатацыі таннай працоўнай сілы; 3) спецыялізацыя эканомікі ВКЛ у сусветным гандлі на вытворчасці працаёмкай зерневай прадукцыі.

Разам з сельскай гаспадаркай шпаркімі тэмпамі развіваліся рамяство і гандаль. Іх цэнтрамі сталі гарады і мястэчкі (паселішчы гарадскога тыпу). Падзяляліся гарады на дзяржаўныя і прыватнаўласніцкія. Самымі буйнымі з іх былі Вільня, Полацк, Магілёў, Смаленск, Мсціслаў, Віцебск, Слуцк, Бярэсце і інш. Так, Магілёў упершыню ўзгадваецца ў канцы XIV ст. Ужо ў XVI ст. ён займаў адно з першых месц пасля Вільні. Сама сталіца ВКЛ уяўляла сабой буйную метраполію. Акрамя выхадцаў з беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх зямель тут жылі немцы, яўрэі, палякі, венгры і інш. Сярод іншых гарадоў вылучаўся Полацк. Гэта быў важны гандлёвы цэнтр і порт на рацэ Заходняя Дзвіна.

Актыўнае развіццё рамяства прывяло да таго, што толькі ў металаапрацоўцы вылучылася больш 20 спецыяльнасцей. Славіліся сваім майстэрствам беларускія ювеліры, ткачы, цесляры, будаўнікі, збройнікі. У іншыя краіны з ВКЛ вывозілі збожжа, прадукцыю лясной гаспадаркі, лён, пяньку, попел і інш. Значную ролю адыгрываў рээкспарт. Напрыклад, полацкія купцы куплялі больш таннае збожжа і воск у Ноўгарадзе і Маскве, каб з выгодай перапрадаць гандлярам з Рыгі. У ВКЛ увозілі металічныя вырабы, тканіны, соль, селядцоў, коней і г. д. Грашова-фінансавая сістэма ВКЛ была нават больш стабільнай, чым у суседзей.

Большасць гарадскіх жыхароў складалі беларусы (80 %), але жылі тут таксама яўрэі, татары, немцы, рускія, палякі, нават шатландцы. У XV – XVI стст. для абароны сваіх інтарэсаў рамеснікі і гандляры пачалі ствараць прафесійныя арганізацыі – стараствы і цэхі. У іх уваходзілі майстры толькі адной спецыяльнасці і аднаго веравызнання. Яны выбіралі старасту ці цэхмайстра. Усе пытанні майстры вырашалі разам. У цэхі ўваходзілі таксама падмайстры (чаляднікі) і вучні. Аднак іх правы былі абмежаванымі. Цэхі мелі свае сімвалы, скарб, сцяг, барабан. Падчас гарадскіх парадаў іх чальцы маршыравалі разам, а падчас абароны гораду складалі асобныя атрады. Цэхі дапамагалі ўдовам і сіротам, праводзілі сумесныя святы. Рамеснікі, якія не ўваходзілі ў цэх, зваліся партачамі. Звычайна гэта былі сяляне, што перабіраліся ў горад з вёскі. З імі чальцы цэхаў вялі бязлітасную барацьбу. Па ўзоры рамесніцкіх цэхаў купцы і гандляры стваралі гільдыі і брацтвы.

Імкнучыся пазбавіцца феадальнай залежнасці, жыхары гарадоў і мястэчак змагаліся за атрыманне магдэбургскага права (права на самакіраванне). Населеныя пункты, якія карысталіся такім правам, замест шматлікіх абавязкаў выплачвалі адзіны грашовы падатак, мелі сваё грамадзянства, герб і нават суд. Іх жыхары складалі асобнае саслоўе мяшчан. Мяшчане выбіралі раду ці магістрат, якія займаліся зборам падаткаў, судовымі справамі, сачылі за парадкам. Улада выбарных органаў абмяжоўвалася войтам, прызначаным вялікім князем або феадалам. Часам феадалы самі набывалі надзелы ў горадзе – юрыдыкі, на тэрыторыю якіх гарадское права не распаўсюджвалася. Першым горадам, набыўшым магдэбургскае права, была Вільня (1387). У 1390 г. яно распаўсюдзілася на Брэст, у 1391 – на Гродна, у 1498 – на Полацк, у 1499 – на Мінск, у 1597 – на Віцебск і г. д.




^ Культура Беларусі ў другой палове ХІІІ – XVI стст.




Падчас уваходжання беларускіх зямель у склад ВКЛ паступова фарміруецца адзіная беларуская народнасць. Народнасцю называецца моўная, тэрытарыяльная, эканамічная і культурная супольнасць людзей, пераважна рабаўладальніцкай ці феадальнай эпохі, для якой характэрна сумеснае пражыванне на адпаведнай тэрыторыі, адноснае адзінства гаспадаркі, мовы, культуры, а таксама этнічная самасвядомасць.

Асновай беларускай народнасці сталі славянскія племянныя саюзы крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў і часткова валынян, якія ў сваю чаргу ўвабралі многія элементы культуры папярэдняга фінскага і балцкага насельніцтва. Прычым асіміляцыя балцкіх (асабліва літоўскіх) элементаў працягвалася да ХІХ ст. З утварэннем ВКЛ ўсе часткі будучага беларускага этнасу ўпершыню апынуліся ў межах адзінай дзяржавы, што спрыяла іх далейшай моўнай, культурнай, эканамічнай кансалідацыі, а таксама ўзнікненню агульнай самасвядомасці. Акрамя таго, важнымі фактарамі фарміравання беларускай народнасці стала кансалідацыя нешматлікіх катэгорый насельніцтва ў сацыяльныя групы з агульнымі правамі і абавязкамі (напрыклад, мяшчане), умацаванне эканамічных сувязей, развіццё ўнутранага рынку, працэс цэнтралізацыі ВКЛ, неабходнасць барацьбы са знешнім ворагам.

У ХІV–ХVІ стст. на жыхароў сучаснай тэрыторыі Беларусі распаўсюджваліся назвы "ліцвіны" (пераважна жыхары Заходняй Беларусі і Усходняй Літвы) і "русіны" (жыхары Усходняй Беларусі і Смаленшчыны). Назва "Белая Русь" упершыню згадваецца ў ХІІ ст., але толькі ў ХІІІ ст. яна ўжываецца ў дачыненні да ўсходняй часткі Беларусі і Пскоўшчыны.

Да сярэдзіны ХVІ ст. фарміруецца старабеларуская літаратурна-пісьмовая мова, якая істотна адрозніваецца ад стараславянскай сваімі арфаграфічнымі і нават лексічнымі рысамі. Пры Альгердзе яна становіцца агульнадзяржаўнай (да 1696 г.), на ёй напісаны не толькі літаратурныя, але і найважнейшыя дзяржаўныя дакументы (Судзебнік 1468 г., першыя вайсковыя статуты (30-я гг. XVI ст.), Статуты ВКЛ (1529 г., 1566 г., 1588 г. і інш.). Гэта мова дзяржаўнага справаводства, а таксама зносін паміж рознымі этнічнымі групамі насельніцтва ВКЛ. З ХV–ХVІ стст. характэрнае для гутаркавай беларускай мовы "дзэканне", "цэканне", "аканне", цвёрдае вымаўленне "р" пачынаюць прасочвацца і ў афіцыйныя дакументы і ўплываць на фарміраванне беларускай літаратурнай мовы.

Станаўленне старабеларускай літаратуры непасрэдна звязана з этнічнымі працэсамі, што адбываліся ў ВКЛ. У ХІІІ–ХVІ стст. значную ролю на беларускіх землях пачынае адыгрываць рукапісная кніга, пераважна царкоўнага характару (пергаментныя Аршанскае, Мсціслаўскае, Лаўрышаўскае, Жыровіцкае евангеллі). У беларускай літаратуры месца былін займае новы эпічны жанр – гістарычныя песні, прысвечаныя барацьбе насельніцтва з іншаземнымі захопнікамі. У ХV ст. з’яўляецца новы жанр – перакладная літаратура як свецкага ("Александрыя", "Троя"), так і царкоўнага характару ("Аповесць пра трох каралёў", "Трыстан і Ізольда", "Аповесць пра Бову" і г. д.). Яе існаванне – яркае сведчанне цесных культурных стасункаў ВКЛ з іншымі краінамі. ХV ст. адзначаецца ростам бібліятэчнай справы: на беларускіх землях ствараюцца буйныя прыватныя і царкоўныя кнігасховішчы. Рукапісныя кнігі ў іх адзначаюцца адмысловым афармленнем.

Яркім прадстаўніком жанру царкоўнай аратарскай прозы на беларускіх землях стаў Рыгор Цамбалак, выбраны ў 1415 г. навагрудскім мітрапалітам. Значнае месца ў літаратуры ХV – пачатку ХVІ ст. належыць летапіснаму жанру. Сярод беларуска-літоўскіх летапісаў агульнадзяржаўнага характару варта адзначыць "Летапісец вялікіх князёў Літоўскіх" (каля 1430 г.), "Беларуска-Літоўскі летапіс 1446 г.", якія падтрымлівалі цэнтралізатарскую палітыку вялікіх князёў. Складанай часткай апошняга з’яўляецца "Пахвала Вітаўту" – яркі ўзор панегірычнай літаратуры свайго часу. Найбольш поўна асноўныя падзеі палітычнай гісторыі ВКЛ (як легендарныя, так і рэальныя) да пачатку ХVІ ст. выкладзены ў "Хроніцы Быхаўца". У другой палове ХVІ ст. летапісны жанр саступае першынство іншым накірункам літаратуры.

У ХІV – ХV стст. у Заходняй Еўропе пачынае фарміравацца культура новага тыпу, дзе на першае месца выходзіць праблема зямнога прызначэння чалавека. Аснову гуманістычнай ідэалогіі складалі прынцыпы натуралізму, самастойнасці чалавека, абсалютнай духоўнай незалежнасці. Прадстаўнікі новай культуры называлі сваю эпоху Адраджэннем (Рэнесансам). У ВКЛ у канцы ХV ст. таксама пачынаюць з’яўляцца тэндэнцыі новага тыпу культуры, жыцця і светапогляду. Яны былі падрыхтаваны больш высокім узроўнем эканамічнага жыцця, пашырэннем кантактаў з Заходняй Еўропай, палітычнай цэнтралізацыяй, дзяржаўна-прававой стабілізацыяй грамадства.

Аднак Адраджэнне на беларускіх землях мела і свае адметныя рысы. Перш за ўсё трэба адзначыць, што сацыяльнай апорай новай ідэалогіі было шляхецкае саслоўе, а не буржуазія, як у развітых краінах Еўропы; да таго ж у эканоміцы княства не сфарміраваліся раннекапіталістычныя адносіны. Распаўсюджванне рэнесансных ідэй замаруджвалася таксама моцным супрацьстаяннем з боку каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. Не трэба таксама забывацца, што духоўная культура беларускай народнасці стваралася ў межах рознанацыянальнай і рознаканфесійнай дзяржавы – ВКЛ, а потым Рэчы Паспалітай.

Самым славутым прадстаўніком беларускай культуры эпохі Адраджэння стаў пачынальнік ўсходнеславянскага кнігадрукавання доктар Францішак Скарына з Полацка (каля 1490 – каля 1551). Сапраўдны патрыёт, гуманіст, які бачыў выратаванне грамадства ў асвеце і маральным удасканальванні людзей, у Бібліі Скарына бачыў перш за ўсё крыніцу свецкіх ведаў. Таму менавіта Святое пісанне ён перакладаў на родную мову. Скарына стаў заснавальнікам жанру прадмоў, у якіх выказваўся наватарскі погляд на розныя сферы жыцця. Усяго ў Празе і Вільні Скарына надрукаваў 42 кнігі. Яго дзейнасць дала моцны штуршок кнігавыдавецкай справе на ўсходнеславянскіх землях. Паэтам-гуманістам еўрапейскага маштаба можна назваць Міколу Гусоўскага (1470 ? – каля 1533). Сярод дзесятка вершаў і яго трох паэм асаблівае месца займае напісаная ў 1522 г. ў Рыме на лацінскай мове "Песня пра зубра", у якой паэт уславіў родную прыроду, свабоднага чалавека і асудзіў войны.

У рэчышчы культурна-гістарычных працэсаў, што адбываліся ў ВКЛ у ХІV– ХVІ стст., развівалася беларускае дойлідства. Значны ўплыў на яго аказалі заходнееўрапейскія каталіцкія і візантыйскія праваслаўныя традыцыі. Таму для гэтага перыяду характэрна эклектыка – спалучэнне розных стыляў. У сярэдзіне - другой палове ХІV ст. значны ўплыў на архітэктуру аказала готыка. Гэты стыль характарызуецца ўзнёслымі формамі, ажурнымі вежамі, спецыяльнай канструкцыяй сцен, вітражамі, вузкімі стральчатымі парталамі, багатым знешнім і ўнутраным дэкорам. Сярод культавых збудаванняў гатычныя рысы найбольш яскрава праступаюць у Траецкім касцёле (в. Ішкаладзь, Баранавіцкі раён), у касцёле в. Уселюб Гродзенскай вобласці.

Вызначальнай асаблівасцю архітэктуры Беларусі ў гэты перыяд з’яўляўся яе абарончы характар. Будаваліся невялікія адна- і двухвежавыя замкі-кастэлі (у Лідзе, Крэве), а таксама шматвежавыя мураваныя замкі (у Наваградку, Гародні, Міры). Да нашых часоў захаваліся інкастэляваныя цэрквы-крэпасці канца ХV –пачатку ХVІ стст. у Малым Мажэйкаве Лідскага і Сынкавічах Зэльвенскага раёнаў. Іх адметнай рысай з’яўляецца кампактнасць аб’ёму, высокі дах, вежы з байніцамі, дакладны ўнутраны падзел на культавую і фартыфікацыйную часткі. З прыходам на беларускія землі магдэбургскага права (канец ХІV ст.) цэнтральныя плошчы гарадоў пачалі дапаўняць ратушы. Гатычны стыль гэтага перыяду спалучаўся з элементамі рэнесансу. Ужывалася тэхніка лускаватай і паласатай муроўкі.

У ХІV – ХVІ стст. у выяўленчым мастацтве ВКЛ асаблівую ролю адыгрывае іканапіс. Сярод найбольш распаўсюджаных – выявы Багародзіцы. Пачынае фарміравацца мясцовая школа жывапісу. Не ўдалося пакуль знайсці помнікаў манументальнага і партрэтнага жывапісу, але пісьмовыя крыніцы гэтага перыяду сведчаць аб высокім узроўні яго развіцця. З’яўлялася і скульптура, пераважна драўляная, якая амаль не захавалася да нашых дзён. У ХV– ХVІ стст. існавалі цэхі майстроў, што распісвалі храмы. У ХVІ ст. з’яўляецца свецкі жывапіс (партрэты-парсуны, пахавальны, сармацкі партрэты). Характэрная рыса беларускага арнаменту, якім аздабляліся рукапісныя кнігі, – спалучэнне расліннага, жывёльнага і фігурнага ўзораў.

Такім чынам, у ХІV – ХVІ стст. даволі паспяхова ідзе працэс фарміравання нацыянальнай беларускай культуры, якая, абапіраючыся на ўласныя традыцыі, спалучала ў сабе галоўныя тэндэнцыі Захаду і Усходу.




^ Люблінская унія. ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай




З канца XV ст. ВКЛ было вымушана весці цяжкія войны супраць Маскоўскай дзяржавы, якая прэтэндавала на ўсходнія землі ВКЛ. У выніку войнаў 1492 – 1494, 1500 – 1503, 1507 – 1508, 1512 – 1522, 1534 – 1537 гг. ВКЛ страціла частку сваіх тэрыторый. 8 верасня 1514 г. каля Оршы войскі ВКЛ на чале гетмана К. Астрожскага ўшчэнт разбілі большыя па колькасці войскі Маскоўскай дзяржавы, але поўнасцю скарыстаць вынікі перамогі вялікі князь не здолеў. У 1558 – 1583 гг. адбылася яшчэ больш маштабная Лівонская вайна. У 1558 г. войскі цара Івана IV Грознага рушылі на Лівонію. Лівонскі ордэн і Рыжскае арцыбіскупства былі вымушаны звярнуцца за дапамогай да ВКЛ і прызнаць сваё падданства. У адказ у 1563 г. Іван IV захапіў Полацк. Войска ВКЛ, большая частка якога змагалася ў Лівоніі, апынулася ў цяжкім становішчы. Польшча не спяшалася з дапамогай, намагаючыся поўнай інкарпарацыі ВКЛ.

Ужо ў 1562 – 1563 гг. шляхецкія соймы звярталіся з патрабаваннем новай уніі з Польшчай. Аднак буйныя магнаты справядліва апасаліся за свае правы і высоўвалі праекты, непрымальныя для польскага боку. Тым не менш, 10 студзеня 1569 г. у Любліне (Польшча) пачаў працу агульны сойм ВКЛ і Кароны Польскай. Незадаволеная яго ходам дэлегацыя ВКЛ ў лютым пакінула Люблін. Кароль быў вымушаны асобнымі актамі далучыць да Польшчы Падляшша і амаль усю тэрыторыю Украіны. Магчымасцей весці вайну яшчэ і з Польшчай у ВКЛ не было. Таму ўлетку 1569 г. дэлегацыя ВКЛ зноў наведала Люблін і падпісала дамову аб уніі.

Паводле дамовы 1569 г. стваралася федэратыўная дзяржава "абодвух народаў" – Рэч Паспалітая. На чале яе стаяў кароль (ён жа вялікі князь). Кароль выбіраўся пажыццёва шляхтай. Ён мог быць толькі католікам. Ствараўся агульны сойм, які складаўся з сената (туды ўваходзілі буйныя магнаты, каталіцкія іерархі і прадстаўнікі караля) і дзвюх пасольскіх ізб, куды павятовыя соймікі накіроўвалі па 2 сваіх прадстаўніка. Мяшчане, сяляне, праваслаўныя і пратэстанцкія святары прадстаўніцтва ў сойме не мелі. У астатнім абедзве дзяржавы захоўвалі суверэнітэт: асобныя ўрады, войскі, мытні, скарбы, манетныя сістэмы, дзяржаўныя мовы і г. д.

Карыстаючыся сваім прывілеяваным становішчам, у другой палове XVI– XVIIІ стст. шляхта здолела значна пашырыць свае правы. Так званыя кардынальныя правы шляхты ўключалі ў сябе асабістую недатыкальнасць, неабмежаваную вотчынную ўладу, магчымасць удзелу ў выбранні караля і працы сойму, вызвалялі ад большасці падаткаў. Гарантам "залатых вольнасцей" лічыўся сам кароль. Калі ён не выконваў сваіх абавязкаў, шляхта мела права ствараць ваенна-палітычныя саюзы – канфедэрацыі і абвяшчаць каралю вайну – рокаш. Асабліва неспрыяльным для дзяржаўнай сістэмы было права liberum veto, паводле якога ўсе рашэнні сойма павінны былі прымацца адзінагалосна. У выніку многія соймы проста зрываліся.

Заключэнне Люблінскай уніі дазволіла ВКЛ атрымаць перамогу ў Лівонскай вайне. Рэч Паспалітая была больш моцным утварэннем, і суседнім дзяржавам прыходзілася з ёй лічыцца. Аднак страта значных тэрыторый, памяншэнне правоў некаталіцкага насельніцтва, умяшальніцтва польскага боку ў справы ВКЛ выклікалі незадаволенасць сярод шырокіх колаў Вялікага княства. Барацьбу супраць уніі ўзначаліў канцлер Леў Сапега (1557 – 1633) Дзякуючы яго намаганням, у 1582 г. быў створаны Трыбунал ВКЛ, які абмежаваў судовую ўладу караля. У 1588 г. пачаў дзейнічаць новы Статут, дзе унія з Польшчай нават не ўзгадвалася. Польскай шляхце забаранялася набываць маёнткі і пасады ў ВКЛ. Разам з тым Статут 1588 г. скончыў кадыфікацыю законаў Вялікага княства.




Рэфармацыя і контррэфармацыя ў ХVI - XVII стст.




У канцы ХV - пачатку ХVІ стст. рымская каталіцкая царква ў Заходняй Еўропе ўступіла ў паласу працяглага крызісу, вынікам якога стаў другі вялікі раскол у хрысціянстве (першы адбыўся ў 1054 г. як афіцыйны падзел хрысціянскай царквы на каталіцкую і праваслаўную) – рэфармацыя (шырокі грамадска-палітычны і ідэалагічны рух ХVІ ст., накіраваны супраць каталіцкай царквы, які насіў антыфеадальны характар). Ідэолагамі першай хвалі рэфармацыі сталі Марцін Лютэр, Жан Кальвін, Ульрых Цвінглі. Яны заклікалі веруючых да барацьбы са злоўжываннямі ў царкве, вяртання да ідэалаў першапачатковага хрысціянства. Гэты рух быў падтрыманы ў Еўропе найшырэйшымі коламі грамадства: ад збяднелых сялян да кіруючых колаў свецкай улады.

Моцны выбух на Захадзе не мог не аказаць пэўны ўплыў на рэлігійную сітуацыю ў ВКЛ. Рэфармацыйны рух тут стаў адметнай гістарычнай з’явай. У сваім развіцці ён прайшоў некалькі этапаў:

1-ы 1553-1570 гг. характарызуюцца ідэйным уздымам рэфармацыі, падзелам руху на некалькі накірункаў;

2-гі 1570-я – ХVІІ ст. адзначаецца крызісам рэфарматарскага руху, наступленнем і перамогай контррэфармацыі, умацаваннем пазіцый каталіцызма на Беларусі.

Першыя ідэі рэформы каталіцтва з'явіліся ў ВКЛ у 1521 г., з прыдворным прапаведнікам Жыгімонта І італьянцам Францыскам Лісманіні. Але афіцыйна пачаткам рэфармацыі лічыцца заснаванне ў 1553 г. першай кальвінскай суполкі (збору). Лютэранства ў ВКЛ было распаўсюджана пераважна сярод гараджан іншаземнага паходжання.

Шырокімі коламі насельніцтва на нашых землях быў падтрыманы кальвінізм. Ён вабіў людзей патрабаваннямі адмены царкоўных падаткаў і землеўладання, таннай царквой, суполкамі з самакіраваннем. Магнаты ў кальвінізме бачылі царкву, незалежную ад каталіцкай Польшчы і праваслаўнай Масковіі. Патронам кальвінісцкага руху на Беларусі стаў віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны (1515–1565). Ён ператварыў сваю рэзідэнцыю ў Нясвіжы ў цэнтр кальвінізму ў ВКЛ. Тут працавалі гімназія, друкарня, выдаваліся кнігі на старабеларускай і польскай мовах. Прыхільнікамі кальвінізму былі выдатныя дзеячы беларускай культуры Сымон Будны, Астафей Валовіч і Васіль Цяпінскі. Буйнейшымі цэнтрамі кальвінізму на беларускіх землях сталі Вільня, Брэст, Заслаўе, Навагрудак, Слуцк і іншыя гарады. Кальвіністы засноўвалі школы (у тым ліку для дзяўчатак), друкарні. Таленавітая моладзь на грошы мецэнатаў выязджала вучыцца ва універсітэты Заходняй Еўропы.

У 1562–1565 гг. на беларускіх землях з кальвінізму вылучаецца радыкальны накірунак – антытрынітарызм (арыянства), патронам якога стаў Ян Кішка. Яго прадстаўлялі дзве плыні: 1) радыкальная, плебейска-сялянская, прыхільнікі якой адмаўлялі многія хрысціянскія дагматы, выступалі супраць вярхоўнай улады і дзяржаўных устаноў, нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту, за стварэнне бессаслоўнага грамадства; 2) памяркоўная, шляхецка-бюргерская. Арыянскія зборы не былі такімі багатымі як кальвінісцкія, але і яны імкнуліся адчыняць школы і друкаваць кнігі. Найбольшага поспеху арыяне дасягнулі ў Навагрудскім і Брэсцкім ваяводствах. У Ашмянскім павеце, Заслаўі і Любчы былі заснаваны арыянскія друкарні. У арыянства перайшоў С. Будны. Гэты накірунак пратэстантызму вабіў многіх праваслаўных вернікаў. Акрамя таго, з'яўляліся блізкія да арыянства праваслаўныя ерасі. Так, у Полацку і Віцебску былі прыхільнікі збеглых з Расіі Феадосія Касога і папа Фамы.

Прывілей Жыгімонта ІІ Аўгуста (1563) ураўноўваў пратэстантаў у правах з католікамі. Акт Варшаўскай канфедэрацыі 1573 г. аб свабодзе веравызнання, тэкст якога ўвайшоў у Статут 1588 г., абвясціў рэлігійны мір у Рэчы Паспалітай. Але паступова з другой паловы ХVI ст. колькасць пратэстантаў на беларускіх землях пачала змяншацца. Гэтаму спрыяла напужанасць многіх магнатаў узмацненнем антыфеадальных настрояў сярод простых вернікаў, а таксама супрацьдзеянне каталіцкай царквы, якая праводзіла палітыку контррэфармацыі.

Асноўную ролю ў контррэфармацыі на Беларусі, як і ва ўсёй Еўропе, адыгралі каталіцкія манаскія ордэны, асабліва ордэн езуітаў. У сваёй барацьбе з рэфармацыйнымі плынямі яго дзеячы галоўную ролю адводзілі ўсталяванню кантролю над навукай, літаратурай і мастацтвам, фарміраванню высокага ўзроўню адукацыі і выхаванню моладзі. У канцы 1569 г. па запрашэнні віленскага біскупа В. Пратасевіча езуіты з’явіліся ў Вільні. Манархі Рэчы Паспалітай, асабліва Стэфан Баторый, горача падтрымалі іх дзейнасць. У 1570 г. імі ў Вільні быў заснаваны калегіум, ператвораны ў 1579 г. у акадэмію – першую вышэйшую навучальную ўстанову на тэрыторыі ВКЛ. Яе першым рэктарам стаў выдатны прамоўца і пісьменнік Пётр Скарга. Езуіцкая адукацыя адрознівалася высокім узроўнем, да таго ж яна была бясплатнай. Езуіцкі калегіум (а яны з цягам часу былі адкрыты ў Брэсце, Пінску, Наваградку, Гародні, Мінску, Віцебску, Слуцку, Магілёве і іншых гарадах; пры калегіумах працавалі друкарні і бібліятэкі) маглі наведваць дзеці, якія належалі да розных канфесій, але ў яго сценах яны рабіліся шчырымі прыхільнікамі каталіцызму. Езуіты кіравалі будаўніцтвам новых кляштароў і касцёлаў, займаліся дабрачыннасцю і аказвалі медыцынскую дапамогу насельніцтву (заснавалі першую на Беларусі аптэку ў Гародні). Свае красамоўныя пропаведзі яны часта прамаўлялі на беларускай мове, на ёй жа вялося выкладанне ў Полацкім калегіуме, перакладаліся свяшчэнныя кнігі. За пяць гадоў дзейнасці езуітаў толькі ў Вільні да каталіцызму вярнулася 6 тысяч чалавек.

Поспехі Рэфармацыі выклікалі заклапочанасць і сярод праваслаўных святароў. Але праваслаўная царква ВКЛ у той час знаходзілася ў заняпадзе. Таму дзеячы каталіцкага кліру, у першую чаргу П. Скарга і А. Пасевіна, выступілі за унію дзвюх хрысціянскіх цэркваў. На іх думку, гэта магло паспрыяць не толькі барацьбе з пратэстантамі, але і пашырэнню каталіцкага ўплыву ва ўсім свеце. Наогул, ідэі царкоўнай уніі ў Еўропе мелі даволі доўгую гісторыю: рабіліся неаднаразовыя захады да аднаўлення страчанага ў 1054 г. адзінства. У ВКЛ гэтаму ў немалой ступені садзейнічала геапалітычнае становішча паміж светам Захаду (Рым) і Усходу (Масква). Некалькі стагоддзяў на беларускіх землях суіснавалі праваслаўная і каталіцкая канфесіі, нярэдкай з’явай былі міжканфесійныя шлюбы. Прэстыж праваслаўнай царквы ў грамадстве ў гэты час падаў, што было звязана, з аднаго боку, з пракаталіцкай палітыкай вышэйшай улады, а з другога – з нізкім узроўнем адукацыі і маралі праваслаўнага духавенства. У 1589 г. была ўтворана незалежная ад Канстанцінопаля Маскоўская патрыярхія, якая хутка стала прэтэндаваць на ўладу над праваслаўным насельніцтвам ВКЛ, што магло пацягнуць за сабой і палітычную залежнасць ад Масквы. Многія праваслаўныя іерархі імкнуліся з дапамогай уніі атрымаць роўныя правы з вышэйшым каталіцкім духавенствам.

Ідэолагамі царкоўнай уніі з праваслаўнага боку сталі ўладзімірскі і брэсцкі епіскап Іпацій Пацей і брэсцкі епіскап Кірыла Тарлецкі. Унія была падпісана 8 кастрычніка 1596 г. на царкоўным соборы ў Брэсце кіеўскім мітрапалітам Міхаілам Рагозай. Па ўмовах пагаднення новая царква захоўвала праваслаўныя абрады, але было прынята каталіцкае веравучэнне, і на чале уніяцкай царквы стаў папа рымскі. Трэба асобна падкрэсліць, што на той час толькі ва уніяцкай царкве мовай набажэнства стала зразумелая простаму насельніцтву старабеларуская мова. Для ўмацавання пазіцый грэка-каталіцкай царквы ў 1617 г. на тэрыторыі ВКЛ быў створаны манаскі ордэн базыльян, які кіраваў школамі, друкарнямі і бібліятэкамі.

Прыняцце уніі выклікала незадаволенасць сярод значнай часткі праваслаўнага насельніцтва. Праціўнікі уніі правялі ў Брэсце антысабор і абвясцілі уніятам анафему. Многія магістраты адмаўляліся прымаць уніяцкіх святароў. Сваю незадаволенасць праваслаўныя дзеячы выкрывалі ў палемічнай літаратуры. Значную ролю ў развіцці культуры ў гэты час адыгрывалі таксама праваслаўныя брацтвы. Яны адкрывалі пачатковыя і сярэднія школы і друкарні (самая вядомая – братоў Мамонічаў у Вільні – выпусціла першыя кірылічныя прававыя выданні - "Трыбунл ВКЛ" (1586) і "Статут ВКЛ" (1588)). На працягу ХVІ ст. брацтвы ўзніклі ва ўсіх буйных беларускіх гарадах. Для супрацьстаяння каталіцкай царкве 168 праваслаўных і пратэстанцкіх магнатаў у 1599 г. стварылі ў Вільні канфедэрацыю. У 1623 г. праваслаўныя вернікі Віцебска забілі апантанага прыхільніка уніі, полацкага арцыбіскупа Ясафата Кунцэвіча. Але на баку каталікоў і уніятаў стаялі ўлады Рэчы Паспалітай. На працягу ХVІІ – ХVІІІ стст. уніяцтва становіцца на Беларусі самым масавым веравызнаннем і ахоплівае да 80% сялянства, мяшчан, дробнай і сярэдняй шляхты. Увогуле ў канцы ХVІІІ ст. на тэрыторыі Беларусі склаўся наступны канфесійны малюнак: уніяты – 39 %; католікі – 38 %; іўдзеі – 10 %; праваслаўныя - 6,5 %; рускія стараверы – 4 %; пратэстанты – 1 %; мусульмане – 0,8 %.




^ Рэч Паспалітая ў еўрапейскіх канфліктах XVII – XVIII стст.




Канец XVI – першая палова XVII ст. лічацца росквітам Рэчы Паспалітай. У 1605 г. польскае і літоўска-беларускае войска на чале з гетманам Я.К. Хадкевічам ушчэнт разбіла шведаў у Лівоніі. У 1609 – 1618 гг. Рэч Паспалітая вяла вайну з Расіяй. У 1610 г. яе войскі ўвайшлі ў Маскву. Каралевіч Уладзіслаў быў выбраны маскоўскімі баярамі на царскі прастол (ад тытула цара ён адмовіўся толькі ў 1634 г.). Да ВКЛ былі далучаны значныя тэрыторыі. Аднак насуперак чаканням феадалаў Рэчы Паспалітай унія з Расіяй не была заключана.

Разам з тым,усё большую напружанасць выклікалі незадаволенасць сялян феадальнай эксплуатацыяй, паўстанні ў гарадах і імкненне ўкраінскага казацтва набыць самастойнасць. Так, 15 ліпеня 1606 г. жыхары Магілёва зверглі старую гарадскую раду і выбралі новы магістрат. Большасць яго членаў былі беднякамі, некаторыя нават не ўмелі пісаць і не ведалі заканадаўства. Кіраўнік новага магістрата Ходка Багданавіч нават не меў гарадскога грамадзянства. У 1608 г. улады ўрэгулявалі адносіны паміж старым і новым кіраўніцтвам. Але выступленні працягваліся да 1610 г. У 1615 г. мяшчане Мазыра паўсталі супраць старасты, які жадаў пазбавіць горад магдэбургскага права. Мяшчане ўзброіліся мушкетамі і ўзялі замак старасты ў аблогу. У горад было забаронена ўязджаць шляхце.

Першае сур'ёзнае сутыкненне з казакамі адбылося ў 1594 – 1596 гг., калі частка казакоў на чале з Севярынам Налівайкам падняла паўстанне на Украіне. Атрад С. Налівайкі некаторы час дзейнічаў і на тэрыторыі Беларусі. Ім былі захоплены такія буйныя гарады, як Слуцк і Магілёў. У 1648 – 1651 гг. успыхнула так званая Антыфеадальная вайна. Запарожскі гетман Б. Хмяльніцкі заключыў дамову з крымскім ханам і пачаў ваенныя дзеянні супраць польскіх войск. Улетку 1648 г. казацкія атрады праніклі на поўдзень Беларусі. Казакоў падтрымалі многія сяляне і гараджане. Паўстанцы рабавалі панскія маёнткі, жорстка распраўляліся з католікамі і яўрэямі. Імі былі захоплены Гомель, Лоеў, Мазыр, Бабруйск, Пінск і іншыя гарады. Але ў канцы 1648 - 1649 гг. яны былі выціснуты войскамі гетмана Я. Радзівіла. У 1651 г. Я. Радзівіл атрымаў перамогу над казакамі ў Лоеўскай бітве і захапіў Кіеў.

У 1654 г. на баку казакоў выступіла Расія. У вайне 1654 – 1667 гг. ваенныя дзеянні адбываліся на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Акрамя расійскіх войск тут дзейнічалі казацкія атрады. Цар Аляксей Міхайлавіч імкнуўся схіліць на свой бок праваслаўнае насельніцтва, таму ў граматах да яго абяцаў не чыніць гвалту. Шляхце і гарадам гарантаваліся іх правы.

Ужо 31 ліпеня 1665 г. царская армія захапіла Вільню. У вулічных баях загінула дзесяць тысяч гараджан. У вёсках расійскія войскі забіралі харч і коней. Сялян прымушалі прадаваць хлеб па нізкіх цэнах, да таго ж расплочваліся меднай манетай. Мужчын забіралі ў армію. З захопленых гарадоў вывозіліся палонныя (асабліва рамеснікі), друкарскае абсталяванне, кнігі, золата і срэбра. Разам з тым большасць жыхароў Беларусі аказвала супраціўленне. Так і не былі захоплены Слуцк і Стары Быхаў. Ва ўжо захопленых гарадах і мястэчках успыхвалі паўстанні. Сяляне беглі ў лясы і нападалі на атрады непрыяцеляў.

Польшча не магла аказаць ВКЛ дапамогі, бо вяла ваенныя дзеянні на Украіне. Акрамя таго, ішла вайна са Швецыяй. Шведскія войскі захапілі большую частку краіны. 20 кастрычніка 1655 г. гетман ВКЛ Радзівіл падпісаў Кейданскую унію, паводле якой шведскі кароль станавіўся гаспадаром ВКЛ. Унія стала прычынай для вайны паміж Швецыяй і Расіяй. Сутычку паміж праціўнікамі выкарысталі войскі Польшчы і ВКЛ і перайшлі ў наступленне. К вясне 1660 г. шведы пакінулі межы ВКЛ. Кейданская унія перастала дзейнічаць. У 1667 г. было падпісана перамір'е з Расіяй.

У выніку вайны Рэч Паспалітая страціла Смаленскія землі і Левабярэжную Украіну разам з Кіевам. Насельніцтва Беларусі скарацілася больш чым напалову, большасць гарадоў была спустошана і разбурана, у заняпадзе апынуліся рамяство і гандаль. Сітуацыю ўскладняў недахоп сродкаў для фінансавання арміі. Бяздумныя грашовыя рэформы толькі пагоршылі эканамічнае становішча. У ВКЛ пачалася барацьба паміж магнацкімі групоўкамі за ўладу. У 1700 г. процістаянне перарасло ў адкрытае сутыкненне – бітву пад Алькенікамі паміж войскам уплывовай магнацкай сям'і Сапегаў і апазіцыйнай шляхтай – рэспублікантамі. Не толькі сярод простага насельніцтва, але і сярод магнатаў сустракаліся непісьменныя. У 1696 г. усё справаводства ў ВКЛ пераводзілася на польскую мову.

У 1700 – 1721 гг. Рэч Паспалітая ўступіла ў Паўночную вайну на баку Расіі і Даніі супраць Швецыі. Але ваенныя дзеянні праходзілі для яе няўдала. На тэрыторыі Беларусі актыўна дзейнічалі расійская і шведская арміі. У 1708 г. у бітве пад Лясной цар Пётр І знішчыў буйны шведскі корпус генерала А. Левенгаўпта. Працягваліся сутыкненні паміж магнацкімі групоўкамі. У вайне Беларусь зноў панесла цяжкія чалавечыя і эканамічныя страты. Пасля заканчэння вайны Рэч Паспалітая апынулася ў стане поўнай залежнасці ад магутных суседзяў – Аўстрыі, Прусіі і Расіі. Соймы пастаянна зрываліся, што выклікала крызіс дзяржаўнага кіраўніцтва. У 1735 і 1764 гг. часткі расійскай арміі гвалтоўна ўрываліся на паўднёвы ўсход Беларусі. Расія і Прусія заключылі таемнае пагадненне аб нязменнасці палітычнай сітуацыі ў Рэчы Паспалітай.

Пагаршэнне эканамічнага стану выклікала сялянскія хваляванні. Самае моцнае з іх адбылося ў 1740 – 1744 гг. у Крычаўскім старостве. Мясцовыя сяляне выступілі супраць адміністрацыі і арандатараў, якія, імкнучыся хутка ўзбагаціцца, няшчадна эксплуатавалі сялян. Адзін з кіраўнікоў паўстання, Васіль Вашчыла, называў сябе патомкам гетмана Багдана Хмяльніцкага. Паўстанцы спрабавалі дамовіцца з уладальнікам зямлі Г. Радзівілам. У 1743 г. яны рашыліся на адкрытае ўзброенае выступленне. Сяляне нападалі на шляхецкія маёнткі, дамы купцоў і ліхвяроў, палілі судовыя і даўгавыя кнігі. Іх падтрымлівалі бяднейшыя гараджане. Але ў 1744 г. войскі Г. Радзівіла разбілі паўстанцаў. Захопленыя ў палон сяляне былі жорстка пакараны. Пасля задушэння паўстання Г. Радзівіл пайшоў на некаторыя саступкі. Але поўнасцю задаволіць патрабаванні сялян ён не жадаў.



^ Падзелы Рэчы Паспалітай




У 1764 г. каралём Рэчы Паспалітай быў выбраны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які лічыўся стаўленікам суседніх дзяржаў. Вакол караля аб’ядналіся магнаты і шляхта, якія марылі аб адраджэнні Рэчы Паспалітай. Улады пачалі паступовыя эканамічныя рэформы: адчыняліся дзяржаўныя і прыватныя мануфактуры, будаваліся каналы, арганізоўваліся кірмашы, падтрымліваўся міжнародны гандаль. Соймы працавалі ў рэжыме канфедэрацыі, калі права libеrum veto не дзейнічала. Але ў 1767 г. щнутрыпалітычная сітуацыя зноў пагоршылася. Дзякуючы падтрымцы Расіі і Прусіі, дысідэнты (пратэстанцкая і праваслаўная шляхта) стварылі Слуцкую і Торуньскую канфедэрацыі, якія запатрабавалі ўраўнавання сваіх правоў з католікамі. Пад націскам Расіі вальны сойм у 1768 г. прыняў рашэнне аб ураўнаванні правоў дысідэнтаў. У адказ каталіцкая шляхта стварыла Барскую канфедэрацыю, якая пачала рокаш. Паўстанне канфедэратаў было падаўлена толькі ў 1771 г. расійскімі войскамі. У 1772 г. Расія, Прусія і Аўстрыя падпісалі дамову аб першым падзеле Рэчы Паспалітай, па якой Расіі перадаваліся ўсходняя і паўночная часткі Беларусі.

Урад С.А. Панятоўскага працягваў рэформы па паляпшэнні становішча Рэчы Паспалітай. Была створана Адукацыйная камісія. Чатырохгадовы сойм 1788 – 1791 гг. прыняў Канстытуцыю 1791 г., першую ў Еўропе і другую ў свеце пасля ЗША. Канстытуцыя ліквідавала падзел Рэчы Паспалітай на ВКЛ і Каралеўства Польскае, захавала шляхецкія правы, улада караля перадавалася па спадчыне. Разам з тым, палепшылася становішча мяшчан, гарады маглі мець сваё прадстаўніцтва ў сойме, адмянялася права liberum vetо, дзяржава абяцала клапаціцца пра прыгонных сялян, магнацкія войскі ўваходзілі ў склад агульнай арміі.

Прыняцце Канстытуцыі было сустрэта ў суседніх дзяржавах з прахалодай. Расійская імператрыца Кацярына ІІ лічыла гэты акт асабліва небяспечным. Пры падтрымцы Расіі ў 1792 г. была створана Таргавіцкая канфедэрацыя, якая разам з расійскімі войскамі выступіла супраць Канстытуцыі. У 1793 г. адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. У склад Расіі ўвайшла цэнтральная Беларусь. Канстытуцыя 1791 г. была адменена. У 1793 г. апошні сойм Рэчы Паспалітай ў Гродне прыняў новую Канстытуцыю, якая захавала федэратыўны характар дзяржавы і ўзнавіла выбарнасць караля.

24 сакавіка 1794 г. у Польшчы пачалося патрыятычнае паўстанне, якое ўзначаліў генерал Т. Касцюшка. У красавіку паўстанне перакінулася на ВКЛ. Тут яго ўзначальваў радыкальна настроены палкоўнік Якуб Ясінскі. Паўстанцы стварылі рэвалюцыйны ўрад. Прыняты імі ў маі Паланецкі універсал фактычна адмяняў прыгоннае права. Сяляне, расплаціўшыся з панамі за даўгі, станавіліся вольнымі. У ВКЛ тэрмінова былі ўведзены расійскія войскі. Спрэчкі паміж паўстанцамі і аб’ектыўная немагчымасць адначасова змагацца з Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй прывялі да паражэння паўстання. У кастрычніку 1795 г. адбыўся апошні, трэці падзел Рэчы Паспалітай – яна канчаткова была падзелена паміж суседнімі дзяржавамі. У склад Расіі перайшла заходняя частка Беларусі, акрамя Беластоцкага рэгіёна, які ўвайшоў у склад Прусіі і ў 1807 г. быў перададзены Расіі Напалеонам Банапартам.




^ Беларуская культура эпохі Рэчы Паспалітай (1569–1795)




Значны ўплыў на культурныя тэндэнцыі на Беларусі 1569–1795 гг. аказалі рэлігійныя працэсы (рэфармацыя і контррэфармацыя, царкоўная унія), пазнейшы эканамічны заняпад і палітычны крызіс.

У беларускай літаратуры таго перыяду летапісны жанр саступае месца новым напрамкам: публіцыстыцы, палітычнай сатыры, паэзіі, гісторыка-мемуарнай літаратуры. Пад уплывам рэфармацыі і контррэфармацыі з’яўляюцца публіцыстычныя творы С. Буднага, В. Цяпінскага, П. Скаргі, І. Пацея, М. Сматрыцкага, Л. Карповіча, братоў Зізаніяў. Адметнымі ўзорамі мемуарнай літаратуры становяцца дыярыушы - свецкія дзённікі. Прыкладам можа служыць "Дзённік" наваградскага падсудка Федара Еўлашоўскага (1546 – 1616), "Дыярыуш" А. Філіповіча (1597? – 1648), якія ярка апісваюць скандальныя і трагічныя падзеі гісторыі Бацькаўшчыны. У другой палове XVII – ХVIII стcт. мемуарыстыка становіцца шматмоўнай. Вялікую цікавасць выклікаюць уласныя ўспаміны аб шматлікіх падарожжах наваградскай лекаркі Саламеі Пільштыновай (Русецкай). Да ранняй эпісталярнай спадчыны адносяцца "Допісы" аршанскага старасты Філона Кміты-Чарнабыльскага (1530 – 1587), у якіх аўтар піша аб пагранічным жыцці, аб планах Івана ІV у адносінах да ВКЛ.

Таленавіты вучоны і публіцыст, грамадска-палітычны дзеяч М. Сматрыцкі (1577 – 1633) больш вядомы сваім сучаснікам як пісьменнік-палеміст, аўтар шматлікіх твораў, сярод якіх вылучаецца "Фрынас" (1610), дзе пісьменнік выступае супраць акаталічвання і прыняцця царкоўнай уніі. За выданне гэтага твора быў прыгавораны да турэмнага зняволення другі пісьменнік-публіцыст, педагог, царкоўны дзеяч, адметны прадстаўнік аратарскай прозы Лявонцій Карповіч (1580–1620).

З канца ХVІ ст. ў еўрапейскай літаратуры і мастацтве вылучаецца стыль барока, які бярэ сабе на ўзбраенне каталіцкая царква ў барацьбе з рэфармацыйнымі плынямі. Ён характарызуецца кантраснасцю, параднасцю, рухавасцю формы, апеляцыяй да пачуццяў, супярэчлівасцю, метафарычнасцю. У літаратуры гэта праяўляецца ў з’яўленні "высокай" паэзіі, адметным прадстаўніком якой становіцца паэт і драматург, кнігавыдавец, асветнік і грамадскі дзеяч С. Полацкі (1629 – 1680). Найбольш значнымі яго творамі сталі зборнікі паэтычных твораў "Ветроград многоцветный" і "Рифмологион". Новай для беларускай паэзіі стала палітычная сатыра ("Прамова Мялешкі", "Ліст да Абуховіча"), якая высвятляе заганы тагачаснасга грамадства.

Значную ролю ў культурным жыцці грамадства ў гэты час стаў адыгрываць тэатр. Адным з першых на Беларусі стала батлейка – народны лялечны тэатр, вядомы яшчэ з ХVІ ст. Яе рэпертуар складаўся з 2 частак – кананічнай і свецкай. Прадстаўленне гэтага своеасаблівага "тэатра аднаго акцёра" складалася з песень, танцаў, дыялогаў і маналогаў. У ХVІІ ст. з развіццём школьнай адукацыі і драматургіі асобую ролю набывае школьны тэатр. У ім ставіліся п’есы як рэлігійнага і гістарычнага зместу, так і інтэрмедыі – кароценькія п’ескі на беларускай ці польскай мове, пантамімы, танцы, што выконваліся паміж дзеямі спектакля. Вядомы 24 дэкламацыі С. Полацкага, напісаныя ім для тэатраў брацкіх школ. Галоўным героем інтэрмедый стаў разумны і дасціпны беларускі селянін. У 1787 г. на змену традыцыйнай школьнай інтэрмедыі прыходзяць першыя драмы, напісаныя на беларускай народнай мове – "Камедыя" К. Марашэўскага і "Лекар міжволі" М. Цяцерскага.

У ХVІІІ ст. адметнай з’явай культуры становіцца прыгонны тэатр, трупа якога складалася пераважна з залежных сялян. Рэпертуар першага з іх – Нясвіжскага – складаўся першапачаткова з 16 п’ес і оперных лібрэта Уршулі Францішкі Радзівіл. У другой палове ХVІІІ ст. з'яўляюцца прыватныя тэатры ў Слоніме, Гародні, Шклове, Ружанах і інш. Пры іх утрымліваліся музычныя капэлы, аркестры. Для падрыхтоўкі артыстаў оперы і балета ствараліся балетныя школы (у Слоніме, Слуцку). На сто год раней, чым на Захадзе, на Беларусі пачалі скарыстоўваць у афармленні спектаклей павільёны. У 70-я гады ХVІІІ ст. працаваў "плавучы тэатр" на Агінскім канале. Беларускія акторы складалі аснову труп сталічных, у тым ліку Варшаўскага, тэатраў.

У другой палове ХVІ ст. барочны стыль пачынае ўсталёўвацца ў беларускай архітэктуры. Першым творам гэтага стылю стаў нясвіжскі касцёл езуітаў (архітэктар – італьянец Я.М. Бернардоні (1554–1593)), прататыпам якога стаў рымскі храм Іль Джэзу. Увогуле, стыль барока ў беларускай архітэктуры меў некалькі этапаў свайго развіцця.

1-ы этап – ранні – канец ХVІ – першая палова ХVІІ ст. – характарызуецца пошукам формаў, стратай абарончых функцый; паступовым пераходам замкавага дойлідства ў палаца-замкавае. У культавым дойлідстве фарміруецца базілікальны тып храма з бязвежавым, а пазней з двухвежавым фасадам (касцёлы езуітаў у Гародні, дамініканцаў у Стоўбцах).

2-гі этап – сталы – другая палова ХVІІ ст. –1730-я гады: стабілізацыя 2- вежавай базілікі, павелічэнне колькасці ярусаў вежаў, пластычная насычанасць фасадаў (Мікалаеўская царква ў Магілёве). Распаўсюджваецца палацава-сядзібнае будаўніцтва (комплексы ў Нясвіжы, Слоніме, Гародні, Воўчыне). Для іх характэрна П-падобная кампазіцыя з анфіладай, парадным дваром, багатым дэкорам і фасадаў і інтэ’ераў.

3-ці этап –позні – у культавай архітэктуры – "віленскае барока" (1730-я –80-я гг.). Важную ролю ў развіцці гэтага адметнага для нашых зямель напрамку адыграла дзейнасць Я.К. Глаўбіца. Стыль вызначаецца пластычнасцю аб’ёмаў, маляўнічасцю сілуэта, стромкімі шмат'яруснымі ажурнымі вежамі, фігурнымі франтонамі, багаццем архітэктурнага дэкору (уніяцкі Сафійскі сабор у Полацку, Спаская царква ў Магілёве, ратуша ў Віцебску).

У культавым драўляным дойлідстве фарміруюцца адметныя традыцыі на Палессі і паўночным усходзе. Палессе прадстаўлена 2 групамі храмаў, – яруснай кампазіцыі з 2-3- шатровымі вярхамі і асіметрычнымі падоўжанай кампазіцыі з вежай на галоўным фасадзе. Паўночна-ўсходняя традыцыя характарызуецца высокімі зрубамі, завершанымі 2-схільнымі дахамі ці шатрамі.

Выяўленчае мастацтва адчула на сабе ўплыў заходнееўрапейскіх і візантыйскіх тэндэнцый, але ўсё ж характарызавалася захаваннем нацыянальных традыцый, выпрацоўкай асабістых прынцыпаў. У выніку сінтэзу розных напрамкаў фарміруецца асабістая іканапісная школа (канчаткова – у ХVІІІ ст.), прадстаўленая адметнымі магілёўскай, палескай, полацка-віцебскай, гарадзенскай, слуцка-мінскай плынямі. Для беларускага іканапісу характэрна спалучэнне сімвалізму выяўленчай мовы з вострахарактарным тыпажом, дакладнасць перадачы дэталяў. У ХVІІ ст. з’яўляецца спроба перадачы прасторы, натуральных прапорцый, свецкае ўбранне асобных персанажаў ("Нараджэнне Багародзіцы" Пятра Яўсеевіча з Галынца). Значны ўплыў на развіццё беларускага іканапісу аказала уніяцтва. У дэкоры абразоў ужываўся раслінны арнамент фону, залачэнне, серабрэнне і часам аздабленне эмалямі; адчуваецца ўплыў рэнесансу і барока ("Ушэсце Хрыста" са Случчыны). Манументальны жывапіс таксама характарызуецца значным уплывам народных традыцый: пры роспісах храмаў выкарыстоўваўся мясцовы пейзаж, разнастайная палітра колераў, простанородныя персанажы (роспісы Богаяўленскага манастыра і Мікалаеўскай царквы ў Магілёве). У ХVІІ ст., з распаўсюджваннем у жывапісе барока, для храмавых роспісаў становяцца характэрнымі багаты ўзор, дынамізм кампазіцыі, прасторавасць, характарнасць і канкрэтнасць персанажаў ("Варвара пакутніца" з Лунінца, "Святая сям’я" з Гарадзеншчыны). Манументальны жывапіс не стаў традыцыйным для замкавай архітэктуры; праўда, некаторыя княжацкія палацы ўпрыгожваліся фрэскамі.

Папулярным відам станкавага жывапісу становіцца партрэт – "сармацкі" (Кшыштафа Весялоўскага, Януша Радзівіла), "парадны" (М.К. Агінскага), трунны (Аляксандра Пацея). Стылістычныя прыёмы партрэтнага жывапісу характарызуюцца скаванасцю позы, дакладнай перадачай дэталяў адзення і ўпрыгожванняў. Ствараліся радавыя галерэі (Тызенгаўза у Паставах, Тышкевічаў, Радзівілаў).

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі характарызуецца з’яўленнем вытворчасці мастацкага шкла (першыя мануфактуры – у Налібаках і Урэччы), рэльефнай паліхромнай кафлі (у Маскве ёю былі аздоблены Пакроўскі сабор у Ізмайлаве, цэнтральны палац і царква ў Крамлі і інш.), слуцкіх паясоў. Своеасаблівым вынаходніцтвам беларускіх майстроў стала "беларуская рэзь" – манументальная дэкаратыўна-ажурная разьба на дрэве, якой аздабляліся храмы і палацы ў Маскоўскай дзяржаве ХVІІ ст. (іканастас Новадзявочага манастыра) – пышны раслінна-жывёльны арнамент з чалавечымі фігуркамі, пазалотай. Дарэчы, у Маскве выхадцы з Беларусі паклалі пачатак так званаму стылю "нарышкінскага" барока.

Пасля падпісання Люблінскай уніі (1569) уплыў Польшчы на беларускую культуру становіцца ўсё больш значны. Беларуская мова паступова выцясняецца, а ў 1696 г. сойм прымае пастанову аб ужыванні ў дзяржаўным справаводстве выключна польскай мовы. У пачатку ХVІІІ ст. былі зачынены амаль усе брацкія школы і друкарні. У кнігавыданні пачала пераважаць лацінка. Асноўным носьбітам беларускай мовы застаўся народ. Пашыралася паланізацыя і акаталічванне краю.

З апошняй чвэрці ХVІІІ ст. на беларускіх землях пачынаюць распаўсюджвацца ідэі Асветніцтва – антыфеадальнай буржуазнай ідэалогіі перыяду станаўлення капіталістычных адносін. Яна сцвярджала прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці грамадства, асобы і дзяржавы. Асаблівымі рысамі беларускага Асветніцтва можна назваць адсутнасць рашучага рэвалюцыйнага і матэрыялістычнага характару, арыентацыю на вырашэнне сялянскага пытання; носьбітамі ідэй асветніцтва сталі дваранства і духавенства. Беларуская літаратура ў гэты час развіваецца марудна; для яе характэрны полілінгвістычны характар.

У Еўропе яшчэ з канца ХVІІ ст. пачынаецца працэс секулярызацыі жыцця, што вылілася, перш за ўсё, у пераходзе школьнай адукацыі з-пад кантролю царквы пад апеку дзяржавы. У 1773 г. ў Рэчы Паспалітай быў ліквідаваны ордэн езуітаў. Гэта супала з пачаткам рэформы ў сферы адукацыі – стварэннем адукацыйнай камісіі. Яна імкнулася ўсталяваць поўны кантроль над усёй сістэмай асветы ў краіне. Прадугледжваўся свецкі характар, шматпрадметнасць і 3-ступенчатасць сістэмы адукацыі: (прыходскія, акруговыя і падакруговыя школы, Галоўная школа ВКЛ (былая Віленская езуіцкая акадэмія)). Але запланаванае адукацыйнай камісіяй не было праведзнна ў жыццё, гэтаму супрацьстаяла каталіцкае духавенства, феадалы і рэаліі часу – падзелы Рэчы Паспалітай. Ідэі Асветніцтва паўплывалі на творчасць філосафа К. Лышчынскага (1634? – 1689), які напісаў трактат "Аб неіснаванні бога", Г. Каніскага (1717–1795), І. Капіевіча. Да прац, што ўтрымлівалі ідэі свецкага развіцця навук, адносяцца работы філосафаў К. Нарбута і Б. Дабшэвіча, матэматыка і астранома М. Пачобута-Адляніцкага, гісторыка А. Нарушэвіча. Ідэі французскіх асветнікаў прапагандавалі прыдворныя тэатры.

Становішча культуры беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай было вельмі няпростым. Адыходзіць у нябыт "залаты век", узмацняецца польскі ўплыў. Носьбітамі сапраўды беларускай мовы, культуры, традыцый становяцца сяляне і гарадскія нізы.




^ Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII – першая палова XIX ст.)




Далучэнне Беларусі да Расіі не ўнесла істотных змен у характар сацыяльных адносін. "Жалованная грамота дворянству" 1785 г. ўраўноўвала беларускую шляхту ў правах з расійскім дваранствам. На Беларусі працягваў дзейнічаць Статут 1588 г. Не забаранялася каталіцкая і уніяцкая царква. У афіцыйным справаводстве ўжывалася польская мова. Пачатак ХІХ ст. нават лічыцца пікам паланізацыі беларускіх зямель.

Разам з тым, большасць гарадоў і мястэчак страцілі права самакіравання. Пагоршылася становішча прыгонных сялян: цяпер яны маглі прадавацца ўласнікам без зямлі і адлучацца ад сям’і. У газетах Санкт-Пецярбурга беларускія памешчыкі часта размяшчалі аб'явы аб продажы сялян. Павялічылася і эксплуатацыя сялянскай працы. Так, у 1785 г. па загадзе князя Р. Пацёмкіна ў Крычаўскім старостве пачалі працаваць некалькі мануфактур і суднаверф, якія мелі надзвычай важнае значэнне для пабудовы расійскага Чарнаморскага флоту. Для працы на мануфактурах і суднаверфі былі сагнаны сотні сялян. Жанчыны староства былі абавязаны здаваць па 6 пудоў пражы ў год для вытворчасці канатаў і парусіны.

Кацярына ІІ і яе сын Павел І выдавалі акты, якія павінны былі палегчыць становішча сялян, аднак яны не выконваліся памешчыкамі. Дзяржаўныя маёнткі актыўна перадаваліся ў рукі расійскіх дваран. Астатнія здаваліся ў арэнду. У 1794 г. была ўведзена мяжа яўрэйскай аседласці. Уся тэрыторыя Беларусі была падзелена на губерні і паветы (уезды). Для кантролю палітычнай сітуацыі ствараліся генерал-губернатарствы з цэнтрамі ў Мінску і Вільне. У 1803 г. быў адчынены Віленскі універсітэт. Дазвалялася адкрыццё школ для сялян, але навучаць іх пісьменнасці забаранялася.

Нягледзячы на значныя саступкі, шляхта Беларусі імкнулася да адраджэння ВКЛ. З гэтай мэтай група дзяржаўных дзеячаў на чале М.К. Агінскага ў 1811 – 1812 гг. падала цару спецыяльны праект. Але зацверджаны ён не быў.

24 чэрвеня 1812 г. 600-тысячная армія Напалеона, у склад якой уваходзіла 100 тысяч палякаў, перайшла межы Расіі і на працягу аднаго месяца заняла большую частку Беларусі. Расійскія войскі арганізавана адступалі, наносячы непрыяцелю цяжкія паражэнні. Пад Смаленскам расійскія арміі аб’ядналіся. Спадзяванне Напалеона разбіць іх па адной не спраўдзілася.

Многія шляхціцы і гараджане сустракалі напалеонаўскія войскі як вызваліцеляў. 1 ліпеня 1812 г. ў Вільне Напалеон стварыў асобны ўрад ВКЛ. У яго армію ўступіла каля 20 тысяч добраахвотнікаў. Сярод сялян распаўсюдзіліся чуткі, быццам бы французы адменяць прыгоннае права. Яны адмаўляліся выконваць павіннасці, беглі ў лясы, палілі панскія маёнткі, супраціўляліся напалеонаўскім салдатам. Напалеону ўдалося захапіць Маскву, але восенню 1812 г. ён пачаў адступленне. Баі зноў перамясціліся на Беларусь. Пры пераправе праз раку Бярэзіна ля вёскі Студзёнка французкі імператар згубіў амаль палову сваёй арміі. 5 снежня Напалеон пакінуў лагер у Смаргоні і збег у Парыж. 13 снежня толькі 1600 салдат яго арміі здолелі пакінуць Расію. Вайна нанесла Беларусі вялікія чалавечыя і эканамічныя страты. Толькі ў Мінскай губерні загінула больш за 50 тысяч чалавек. У Віцебскай губерні не засталося ніводнага каня.

Пасля вайны 1812 г. рух супраць царызму не зменшыўся. Гэта асабліва адлюстравалася ў дзейнасці таемных дэмакратычных таварыстваў філаматаў і філарэтаў, якія існавалі ў 1816 – 1823 гг. і ставілі сваёй мэтай адраджэнне Рэчы Паспалітай. На Беларусі да 1825 г. таксама вялі працу і дзекабрысцкія арганізацыі, якія рыхтавалі паўстанне супраць цара. Так, на Беласточчыне дзейнічала Таварыства ваенных сяброў на чале капітана К. Ігельстрома (1825).

У 1830 г. ў Польшчы пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне. Хутка яно перакінулася і на землі былога ВКЛ. На Віленшчыне падрыхтоўку да паўстання вёў таемны "акадэмічны саюз". Большасць паўстанцаў мела шляхецкае паходжанне. У чэрвені паўстанцы пацярпелі паражэнне ад расійскай арміі і адступілі ў Польшчу. Хутка расійскія войскі занялі Варшаву. Імкнучыся прадухіліць паўстанні ў далейшым, царскі ўрад зачыніў Віленскі універсітэт (1832). У 1831 на ўсходзе і ў 1840 г. на захадзе Беларусі спынялася дзейнасць Статута 1588 г. Па ўказе 1831 г. шляхціцы, якія не былі здольныя даказаць шляхецкае паходжанне, пазбаўляліся дваранскіх правоў. Полацкі царкоўны сабор 1839 г. прыняў рашэнне аб далучэнні уніятаў да праваслаўных. Акрамя таго, у афіцыйным звароце была забаронена польская мова, шляхта траціла права насіць нацыянальную вопратку.

Але рэпрэсіі не спынілі барацьбы. У 1830 – 1840 гг. на Беларусі працягвалі дзейнічаць таемныя арганізацыі: "Дэмакратычнае таварыства" Ф. Савіча, , "Саюз свабодных братоў", арганізацыя Г. Брынко і Н. Навіцкага ў Гродзенскай губерні. Даследчыкі лічаць, што таемных таварыстваў магло быць на самай справе значна болей. Пра іх дзейнасць мы ведаем толькі ў тых выпадках, калі яны раскрываліся жандармерыяй.

У першай палове ХІХ ст. пачаўся крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы. Далучэнне да Расійскай імперыі некалькі палепшыла агульны эканамічны стан. Расійскі рынак паглынаў значную колькасць прадукцыі, якая выраблялася на беларускіх землях. На поўначы Беларусі хутка развіваліся льнаводства і бульбаводства. На захадзе і ў цэнтральных раёнах – авечкагадоўля. Вельмі прыбытковай справай была вытворчасць спірту і гарэлкі. Яны ўжываліся на месцы. Значная колькасць спірту і гарэлкі экспартавалася за мяжу.

Аднак большасць зямель (70 %) належала памешчыкам. У карыстанні сялян знаходзілася толькі 27 % зямельнага фонду. Каб зрабіць свае маёнткі больш прыбытковымі, памешчыкі ўзмацнялі эксплуатацыю прыгонных. Акрамя паншчыны і высокага аброку сяляне неслі шмат іншых павіннасцей. Люстрацыя і рэформа кіравання дзяржаўнымі маёнткамі, якія былі праведзены міністрам дзяржаўнай маёмасці П.Д. Кісялёвым (1837 – 1841), крыху аблягчылі становішча дзяржаўных сялян. Але іх колькасць на Беларусі была невялікай. Большасць прыгонных сялян залежала ад памешчыкаў.

Існаванне прыгоннага права не спрыяла хуткаму развіццю прамысловасці і тэхналогій. Жорсткае заканадаўства абмяжоўвала і эканамічную актыўнасць яўрэйскага насельніцтва, якое складала значную частку жыхароў гарадоў. Тэхнічнае і эканамічнае адставанне Расійскай імперыі асабліва выразна праявілася падчас Крымскай вайны, таму ў другой палове 1850-\х гг. урад пачаў падрыхтоўку да рэформ.




^ Сацыяльна-палітычнае і эканамічнае становішча Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.




20 лістапада 1857 г. на імя віленскага генерал-губернатара У.І. Назімава быў накіраваны царскі рэскрыпт, які дазваляў ствараць дваранскія камітэты і агульную камісію ў Вільне для распрацоўкі праекта адмены прыгоннага права. Аднак большасць памешчыкаў выступіла супраць вызвалення сялян з зямлёй. Таму Аляксандрам ІІ была створана спецыяльная Рэдакцыйная камісія. Распрацаваны ёю Маніфест аб адмене прыгоннага права і шэраг спецыяльных палажэнняў былі выдадзены 19 лютага 1861 г. Сяляне атрымоўвалі асабістую свабоду і права распараджацца сваёй маёмасцю. Ва ўласнасці памешчыкаў заставаліся ўсе землі, але ў пастаяннае карыстанне сялян пераходзілі іх сядзібы і палявыя надзелы, за што сяляне на працягу 9 гадоў павінны былі знаходзіцца ў стане часоваабавязаных – адпрацоўваць паншчыну і выплачваць аброк. За гэты час сяляне і памешчык павінны былі з дапамогай міравога пасрэдніка (ён выбіраўся з ліку дваран) дамовіцца аб памерах надзелаў (звычайна яны змяншаліся) і выкупных плацяжах за зямлю, якія былі ў некалькі разоў вышэйшыя за рынкавыя цэны, бо разлічваліся з сумы гадавога аброку. Сяляне выплочвалі памешчыку толькі 20 – 25 % ад выкупнога плацяжу. Астатняе памешчыку выплочвала дзяржава каштоўнымі паперамі. Але праз 49 гадоў селянін павінен быў аддаць запазычанасць дзяржаве з улікам 6 % гадавых.

Вынікам рэформы была не толькі ліквідацыя прыгоннага ладу, але і паскарэнне капіталістычных адносін. Многія памешчыкі былі вымушаны інтэнсіфікаваць сваю гаспадарку, астатнія не вытрымлівалі канкурэнцыі і перапрадавалі свае землі чыноўнікам, гараджанам і сялянам. Але большасць сялян таксама пазбаўлялася зямлі ў выніку хуткага росту насельніцтва. На пачатку ХХ ст. толькі 8 – 10 % сялянскіх гаспадарак былі заможнымі, 60 % – бядняцкімі. Бедныя сяляне шукалі працы ў памешчыкаў, а таксама на гарадскіх прадпрыемствах, часта за межамі Беларусі.

Адмена прыгоннага права супала з актывізацыяй новай хвалі рэвалюцыйнага руху на землях былой Рэчы Паспалітай. Рэвалюцыянеры падзяляліся на "белых" і "чырвоных". Большасць "белых" паходзіла з памешчыцкіх колаў. "Чырвоная" плынь была значна больш стракатай па паходжанні. Калі "белыя" ставілі перад сабой мэту – толькі адраджэнне былой дзяржавы, то "чырвоныя" – вырашэнне эканамічных і сацыяльных пытанняў. Летам 1862 г. прадстаўнікі "левых" для падрыхтоўкі паўстання стварылі ў Вільне Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). На чале яго стаяў выдатны дзеяч беларускага дэмакратычнага руху Канстанцін Каліноўскі. Ён выступаў за разгортванне сялянскай рэвалюцыі. Шляхта, на яго думку, з'яўлялася "прагніўшай і разбэшчанай кастай". Разам з У. Урублеўскім і Ф. Ражанскім у 1862 – 1863 гг. К. Каліноўскі выдаваў першую нелегальную газету на беларускай мове "Мужыцкая праўда".

У студзені 1863 г. ў Польшчы пачалося паўстанне. 1 лютага 1863 г. ЛПК таксама звярнуўся да насельніцтва з адозвай браць у рукі зброю. У паўстанні прымала актыўны ўдзел шляхта, некалькі ў меншай ступені – сяляне. Ваенныя дзеянні паўстанцаў нагадвалі партызанскія акцыі – адкрыта ўступаць у бітву з расійскімі войскамі большасць не рашалася. 24 красавіка 1863 г. атрад Л. Звяждоўскага захапіў павятовы цэнтр Горкі. У гэтым чыне яму дапамагалі студэнты мясцовага земляробчага інстытута.

Аднак спрэчкі паміж "белымі" і "чырвонымі", дрэнная падрыхтоўка і рэпрэсіі царскага ўрада прывялі да паражэння паўстання. 22 сакавіка 1864 г. захоплены ў палон К. Каліноўскі быў пакараны смерцю. Віленскі генерал-губернатар М. Мураўёў, які атрымаў ад цара неабмежаваныя паўнамоцтвы, жорстка распраўляўся з паўстанцамі. 128 з іх былі пакараны смерцю, 800 – адпраўлены на катаргу, больш за 12 тысяч – высланы з Беларусі. Памешчыкі і сяляне–католікі абмяжоўваліся ў сваіх правах. Быў зачынены Гора-Горацкі земляробчы інстытут, апошняя вышэйшая навучальная ўстанова на Беларусі. Фактычна была забаронена і беларуская мова. Разам з тым, сяляне былі вызвалены ад стану часоваабавязаных. Беззямельныя сяляне атрымоўвалі невялікія надзелы. Пасля падаўлення паўстання царызм таксама правёў некаторыя ліберальныя рэформы: земскую (1864), судовую (1864), гарадскую (1870) і ваенную (1874). Аднак на Беларусі з-за недаверу царскага ўрада да мясцовага насельніцтва гэтыя рэформы ў поўным аб’ёме прайшлі толькі на пачатку ХХ ст.

Рэформы 1860 – 1870-х гг. спрыялі развіццю таварнай вытворчасці. З 1880-х гг. сельская гаспадарка Беларусі паступова пераходзіць ад пераважнага вырошчвання зерневых культур да спецыялізацыі ў малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве і бульбаводстве. У прамысловасці назіраецца пераход ад мануфактурнай да фабрычнай вытворчасці. Яе канцэнтрацыя абумовіла стварэнне акцыянерных таварыстваў. З Беларусі вывозіліся лес, запалкі, тканіны, абутак, кафля, гарбарныя вырабы і інш. Значную ролю пачалі адыгрываць банкі. Асабліва хутка ішло будаўніцтва чыгункі: у 1870 г. працягласць чыгуначных ліній складала 302 км., у 1902 г. – 2752 км., 1914 г. – 3900 км. Але з-за канкурэнцыі з суседнімі буйнымі прамысловымі рэгіёнамі Расійскай імперыі прамысловасць на Беларусі ўвогуле развівалася марудна.

У другой палове ХІХ ст. у палітычны рух актыўна ўключыліся спачатку прадстаўнікі трэцяга саслоўя – разначынцы, а на пачатку ХХ ст. – і рабочыя. У 1880-я гг. ў Пецярбургу дзейнічала беларуская народніцкая група "Гоман", якая выдавала нелегальны часопіс на беларускай мове. У 1881 г. адзін з удзельнікаў "Гоману", І. Грынявіцкі, разам з рускімі рэвалюцыянерамі здзейсніў замах на Аляксандра ІІ. Бомба, кінутая ім, аказалася для цара смяротнай. Сам І. Грынявіцкі таксама загінуў.

У 1896 г. прадстаўнікі польскай, беларускай і часткова літоўскай інтэлігенцыі стварылі першыя марксісцкія партыі – Літоўскую Сацыял-Дэмакратычную Партыю і Рабочы Саюз Літвы. У 1902 г. на базе маладзёжных асветніцкіх гурткоў была створана Беларуская Рэвалюцыйная Грамада. У 1903 г. яна змяніла назву на Беларускую Сацыялістычную Грамаду (БСГ). Актыўна дзейнічалі і яўрэйскія арганізацыі. У 1897 г. прадстаўнікі яўрэйскіх марксісцкіх колаў аб’ядналіся ва Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі (Бунд). У 1898 г. пры падтрымцы ЦК Бунда ў Мінску адбыўся першы з’езд Расійскай Сацыял-Дэмакратычнай Рабочай Партыі (РСДРП).

Працэс стварэння палітычных партый значна паскорыўся падчас буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. Асноўныя падзеі рэвалюцыі адбываліся па-за межамі Беларусі, аднак і тут праходзілі мітынгі, забастоўкі і сялянкія выступленні. 17 кастрычніка 1905 г. Мікалай ІІ падпісаў маніфест, згодна якому ў Расіі былі дазволены асноўныя грамадзянскія свабоды, а таксама заканадаўчы орган – Дзяржаўную думу. 18 кастрычніка па загадзе губернатара Курлова ў Мінску была расстраляна мірная дэманстрацыя гаражан. Сутычкі з паліцыяй і армейскімі часцямі адбыліся і ў іншых гарадах.

У 1905 – 1906 гг. на падставе маніфеста былі створаны Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, суполкі агульнарасійскіх партый эсэраў, кадэтаў, акцябрыстаў і інш. Актывізавалі сваю дзейнасць суполкі РСДРП, Бунда і іншых сацыялістычных партый. У 1906 г. прыхільнікі БСГ пачалі выдаваць першыя легальныя беларускамоўныя газеты "Наша доля" і "Наша ніва". Дзейнічалі прафсаюзныя аб’яднанні. Царскія ўлады актыўна падтрымлівалі стварэнне рэакцыйных крайне правых арганізацый, накшталт Саюза Рускага Народа і Рускага Акраіннага Саюза, прадстаўнікі якіх спавядалі вялікадзяржаўны шавінізм і арыентаваліся на манархію. 9 ліпеня 1906 г. ўладамі была распушчана І Дума, а 3 чэрвеня 1907 г. і ІІ Дума. Новае выбарчае заканадаўства павінна было садзейнічаць выбранню прыхільнікаў царскага самаўладдзя. Такім чынам, рэвалюцыя скончылася паражэннем. Але яна паказала, што сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне народа залежаць ад яго згуртаванасці і свядомасці.

Каб стрымаць сялянскі рух, урад на чале П. Сталыпіна распачаў у 1906 г. новую аграрную рэформу. Яе сутнасцю было разбурэнне сялянскай абшчыны і паскарэнне капіталістычнага развіцця вёскі. Сялянам дазвалялася выходзіць з абшчыны разам са сваім надзелам, ствараць вотрубы і хутары (з 1911 г. выхад стаў абавязковым). Уласнікі хутароў і вотрубаў маглі атрымаць ад Пазямельнага банка пазыкі для набыцця новай зямлі. Урад таксама стымуляваў перасяленне сялянскіх сем’яў ў Сібір, на Далёкі Усход, Паўночны Каўказ і г. д. Найхутчэй рэформа адбывалася на захадзе і ў цэнтральнай Беларусі, дзе абшчыннае землекарыстанне было ў большасці ліквідавана яшчэ ў XVI ст. На ўсходзе і поўначы Беларусі да 1916 г. з абшчын выйшла 63 % сялянскіх двароў. У 1904 – 1914 гг. Беларусь пакінула 356 тыс. перасяленцаў. Разам са станоўчымі рысамі, Сталыпінская рэформа мела і адмоўныя: павелічэнне кошту зямлі і колькасці бядняцкіх гаспадарак. 10,9 % перасяленцаў страцілі на новых землях сваю маёмасць і былі вымушаны вярнуцца на радзіму жабракамі.




Развіццё беларускай культуры ва ўмовах царскай Расіі (канец ХVІІІ – пачатак ХХ стст.)




Пасля далучэння беларускіх зямель царскія ўлады, імкнучыся інтэграваць у сваю дзяржаўную структуру новыя тэрыторыі, праводзілі адпаведную палітыку. Значны ўплыў на развіццё беларускай культуры ў гэты час аказвае спачатку пераважна польская, а пазней, асабліва ў 1860-х гг. – руская культура, назіраецца цесная сувязь з культурамі ўкраінскага, літоўскага, яўрэйскага і іншых народаў. Культура беларускіх зямель сутыкаецца з жорсткім прыгнётам з боку царскай улады, якая імкнецца даказаць, што Беларусь з'яўляецца заходняй часткай Расійскай імперыі, а яе насельніцтва не мае сваёй этнічнай асаблівасці (ідэалогія "заходнерусізму").

Тым не менш менавіта ў гэты час беларускі этнас фарміруецца як нацыя. Нацыяй называецца ўстойлівая этнасацыяльная супольнасць людзей, якая, у адрозненне ад народнасці, характарызуецца не толькі агульнымі тэрыторыяй, мовай, культурай, але таксама цеснымі эканамічнымі, сацыяльна-палітычнымі і культурнымі сувязямі паміж рэгіёнамі, больш высокім узроўнем этнічнай самасвядомасці. Фарміраванне беларускай нацыі ішло ва ўмовах развіцця капіталістычных адносін і ўнутранага рынку, росту гарадоў і гарадскога насельніцтва. Паступова фарміруюцца новыя класы наёмных рабочых (шматнацыянальны) і буржуазіі (пераважна небеларускага паходжання). У канцы ХІХ ст. 90 % этнічных беларусаў пражывала ў сельскай мясцовасці; працэс кансалідацыі таксама стрымлівала слабасць нацыянальнай буржуазіі. З пачатку ХІХ ст. ўсе тэрыторыі з пераважнай доляй пражывання беларускага насельніцтва ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. Тое, што беларусы не мелі сваёй дзяржаўнасці, а таксама ідэалагічная палітыка непрызнання адметнасці беларускага народа, перашкоды ва ўжыванні беларускай мовы замаруджвалі этнаўтваральныя працэсы. Канчатковае замацаванне тэрміну "Беларусь", "беларусы" за ўсёй этнічнай тэрыторыяй Беларусі адбываецца ў другой палове ХІХ ст. ў сувязі з развіццём беларусазнаўства, якое садзейнічала ўмацаванню нацыянальнай самасвядомасці. Але на пачатку ХХ ст. працэс фарміравання беларускай нацыі яшчэ не быў завершаны.

На пачатку ХІХ ст. на Беларусі, як і ў іншых землях Імперыі, адбылася адукацыйная рэформа. Была сфарміравана шматступенчатая сістэма адукацыі: пачатковыя школы – прыходскія вучылішчы – павятовыя вучылішчы – гімназіі – Віленскі універсітэт (1803 – 1832), адчынены на месцы Галоўнай школы ВКЛ. У 1812 – 1820 гг. працавала Полацкая акадэмія. Але царскі ўказ 1827 г. абмяжоўваў магчымасць атрымання вышэйшай і сярэдняй адукацыі для прадстаўнікоў непрывілеяваных саслоўяў. Навучанне вялося толькі на польскай і рускай мовах. Пасля задушэння паўстання 1830 – 1831 гг. па ініцыятыве ўрада пачаўся актыўны працэс русіфікацыі. Ён быў накіраваны не толькі супраць ужывання польскай, але і беларускай мовы. Драматычныя падзеі 1863 – 1864 гг. вымусілі ўлады дзейнічаць яшчэ больш жорстка. Пісьмовая беларуская мова апынулася пад забаронай. Былі зачынены Гора-Горацкі земляробчы інстытут (1848 – 1864) і шэраг сярэдніх навучальных устаноў. Многія мясцовыя настаўнікі высылаліся з Беларусі. На іх месца накіроўваліся выхадцы з цэнтральных расійскіх губерняў. Узмацніўся кантроль праваслаўнай царквы над адукацыяй.

Падчас новай рэформы 1864 г. школьная адукацыя пераводзіцца пад кіраўніцтва Міністэрства народнай асветы. Пачатковую адукацыю на вёсцы вядуць пачатковыя і народныя вучылішчы (пераўтвораныя ў 1884 г. у царкоўна-прыходскія і школы граматы), у горадзе – гарадскія вучылішчы. Сярэднюю адукацыю за даволі высокую плату давалі класічныя і рэальныя гімназіі і прагімназіі, жаночыя 7-класныя гімназіі. Да пачатку ХХ ст. сетка навучальных устаноў пашыраецца, але ўзровень адукацыі застаецца нізкім. У другой палове ХІХ ст. хуткімі тэмпамі развіваецца прафесійная адукацыя. На Беларусі з’яўляюцца навучальныя ўстановы, якія даюць спецыяльную адукацыю ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю, медыцыны, педагогікі і інш. Спецыфічнай рысай прафесійнай адукацыі на Беларусі з’яўляецца высокая вага яўрэйскіх навучальных устаноў, што звязана з усталяваннем на нашых землях у канцы ХVІІІ ст. так званай "мяжы яўрэйскай аселасці".

Пачынаецца навуковае даследаванне Беларусі. Ужо ў працах К. Калайдовіча ўтрымліваюцца звесткі аб самабытнасці беларускай мовы. Гэты тэзіс падмацаваны працамі славяназнаўца, этнографа, археолага, фалькларыста З. Даленгі-Хадакоўскага (1784 – 1825). Мінулае Літвы і Беларусі вывучалі Яўстафій і Канстанцін Тышкевічы, Т. Нарбут. У навуковых экспедыцыях беларускіх вучоных А. Дамбавецкага, Е. Раманава, П. Шэйна і інш. збіраецца этнаграфічны матэрыял, які сведчыць аб самастойнасці беларускага этнасу. Адметнай рысай пачатку ХХ ст. стала з’яўленне культурна-асветніцкіх навуковых устаноў і таварыстваў. У 1900 – 1914 гг. на Беларусі іх дзейнічала 54. У 1910 г. быў створаны Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства ў Вільні, які надрукаваў 12 прац па этнаграфіі і археалогіі беларускіх зямель.

У вывучэнні Беларусі вялікі ўнёсак заснавальніка беларускага мовазнаўства Я. Карскага (1860 – 1931). Яго трохтомная праца "Беларусы", сапраўдная энцыклапедыя беларусазнаўства, упершыню абгрунтавала нацыянальную самабытнасць беларусаў як асобнага славянскага народа. Для гісторыі Беларусі нямала зрабілі М. Доўнар–Запольскі, М. Нікіфароўскі, А. Семянтоўскі. А. Сапуноў і інш. Даследаванні Беларусі выклікалі немалую цікавасць у культурным свеце і садзейнічалі фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці.

Літаратура Беларусі ХІХ – пачатку ХХ стст. развівалася ў рэчышчы агульнаеўрапейскіх працэсаў. На пачатку ХІХ ст. тут з’яўляюцца стылі рамантызму, для якога характэрна арыентацыя на голас пачуццяў (творы А. Міцкевіча, Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча), і сентыменталізму з яго ўвагай да ніжэйшых слаёў грамадства, з культам маральных і духоўных каштоўнасцей як асноўнага прынцыпу жыцця (элементы прасочваюцца ў вершах Я. Чачота). Сярод выдатных пісьменнікаў пачатку ХІХ ст. трэба вылучыць Адама Міцкевіча (1798 – 1855), аўтара рамантычных вершаў і паэм ("Пан Тадэвуш", "Гражына", "Дзяды", "Мешка, князь Навагрудка" і інш.). Акрамя літаратурнай ён актыўна займаўся палітычнай і навуковай дзейнасцю, працаваў у Лазанскім універсітэце (Швейцарыя) і Калеж-дэ-Франс (Францыя).

Большасць літаратурных твораў першай паловы ХІХ ст. пісалася на польскай мове. З пачатку ХІХ ст. пачынаецца новы этап у гісторыі беларускай літаратурнай мовы, аснову якой складаў фальклор. Збіралі і пераапрацоўвалі вусную народную творчасць Т. Зан, В. Рэут, А. Грот-Спасоўскі (ён жа А. Спасоўскі-Грот) і інш. Па-беларуску пісалі П. Багрым, Я. Чачот, І. Легатовіч. Але пераважная большасць беларускамоўных твораў насіла ананімны характар. Так, толькі ў нашы часы ўстаноўлена верагоднае аўтарства паэм "Энеіда навыварат" (В. Равінскі) і "Тарас на Парнасе" (К. Вераніцын). У 40-я гг. з’яўляецца друкаваная беларуская літаратура: п’еса "Сялянка" В. Дуніна-Марцінкевіча, творы А. Рыпінскага, Я. Баршчэўскага; новыя літаратурныя жанры – апавяданне, балада, лірычны верш. Публіцыстыка стала папулярным жанрам у 60-х гг. ХІХ ст. Яе ўзор – першая беларускамоўная газета "Мужыцкая праўда" К. Каліноўскага, дзе па-майстэрску выкарыстоўваецца форма народнай гутаркі.

Стыль крытычнага рэалізму, што пачынае фарміравацца ў другой палове ХІХ ст., прадстаўлены ў Ф. Багушэвіча, А. Гурыновіча, Я. Лучыны. Іх творы дэманструюць абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці. Дастойнымі іх пераемнікамі ў пачатку ХХ ст. становяцца Я. Купала, Я. Колас, А. Пашкевіч (Цётка), М. Багдановіч, Ц. Гартны, З. Бядуля, К. Буйло. Галоўная задача іх твораў – сцвердзіць у свядомасці народа перакананне ў яго самабытнасці, заклікаць да барацьбы з самадзяржаўем, да сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення народа.

Пачатак ХХ ст. атрымаў назву "нашаніўскага адраджэння", што звязана са з’яўленнем першых легальных беларускамоўных газет "Наша доля" (9.–12.1906) і "Наша ніва" (11.1906 – 8.1915). Апошняя адыграла вялікую ролю ў адраджэнні беларускай мовы і культуры народа. Сацыяльнай базай выдання, якое выходзіла тыражом у 4,5 тыс. экз., быў працоўны народ, асабліва сялянства. На старонках "Нашай нівы" ўздымаліся тэмы Беларусі і лёсу яе жыхароў. У працы выдання важную ролю адыгралі дзеячы нацыянальнага адраджэння – браты Луцкевічы, Я. Купала, Я. Колас, Я. Лёсік, В. Ластоўскі, М. Гарэцкі, А. Гарун і інш. Пры газеце выдаваўся штогадовы "Беларускі каляндар" і часопісы "Саха" і "Лучынка", кнігі (за 10 гадоў выдадзена больш за 80 найменняў).

Новыя тэндэнцыі ў гісторыі беларускага тэатра прасочваюцца ў першай палове ХІХ ст., калі В. Дунін-Марцінкевіч у сваім маёнтку Люцынка стварае беларускі тэатр прафесійнага тыпу, які стаў асновай нацыянальнага прафесійнага тэатра. 9.2.1852 г. тут была пастаўлена першая беларуская опера "Сельская ідылія" (музыка С. Манюшкі і К. Кжыжаноўскага, лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча). Але пасля падзей 1863 – 1864 гг. дзейнасць тэатра амаль спынілася. Заснавальнікам новага нацыянальнага прафесійнага тэатра многа пазней стаў Ігнат Буйніцкі. Створаная ім "Першая беларуская трупа" ў 1910 г. стала адметным нацыянальным калектывам, у якім выступалі хор, драматычныя і танцавальныя групы. Своеасаблівым пераемнікам тэатра стала "Першае таварыства беларускай драмы і камедыі" (з 1917 г.).

У выяўленчым мастацтве першай паловы ХІХ ст. больш ярка праступае свецкі характар. Яно развіваецца пад уплывам рамантызму і класіцызму (накірунак еўрапейскай мастацкай культуры ХVІІІ – пачатку ХІХ стст., больш дэмакратычны, чым элітарнае барока, вызначаецца ўрачыстасцю і манументальнасцю). Адным з цэнтраў развіцця беларускага жывапісу, скульптуры і графікі стаў Віленскі універсітэт. Першыя яго выкладчыкі – Ф. Смуглевіч і Я. Рустэм – былі добра знаёмы з заходнееўрапейскім мастацтвам. Пасля закрыцця Віленскага унівесітэта (1832) вышэйшую мастацкую адукацыю стала магчыма набыць у расійскіх акадэміях. Гэтыя акалічнасці адбіліся на беларускай школе выяўленчага мастацтва, дзе фарміруюцца адметныя жанры – гістарычны (Ф. Смуглевіч, Я. Сухадольскі, Я. Дамель), партрэтны (І. Аляшкевіч, В. Ваньковіч), бытавы (У. Бычкоўскі, К. Русецкі, Ю. Карчэўскі), пейзаж (В. Дмахоўскі), нацюрморт (І. Хруцкі), батальны (Я. Сухадольскі). У другой палове ХІХ ст. у беларускім жывапісе ўсё больш яскрава праступаюць рэалістычныя тэндэнцыі. У Пецярбургу складваецца своеасаблівая беларуская мастацкая школа. У жанравай разнастайнасці жывапісу вызначаюцца пейзажы А. Гараўскага, гістарычныя палотны К. Альхімовіча, І. Трутнёва, бытавыя і партрэтныя работы Н. Сілівановіча. У пачатку ХХ ст. з’яўляецца шэраг прыватных мастацкіх школ, сярод якіх вылучаецца віцебская школа Ю. Пэна, з якой выйшлі К. Малевіч і М. Шагал. Найбольш распаўсюджаным жанрам становіцца пейзаж (В. Бялыніцкі-Біруля, Ст. Жукоўскі, Ф. Рушчыц). Бытавы жанр набывае вострую сацыяльную афарбоўку (Ю. Пэн, Я. Кругер, Л. Альпяровіч).

Першым прафесійным скульптарам на Беларусі лічыцца К. Ельскі (1782–1867). Ён стварыў сапраўдную галерэю (больш за 50) партрэтаў знакамітых асоб Беларусі, працаваў над аздабленнем культавых і грамадскіх будынкаў. Але ўвогуле беларуская скульптура развіваецца ў гэты час даволі слаба. Класіцызм яшчэ доўга не можа выцесніць у драўлянай і манументальна-дэкаратыўнай скульптуры барока і ракако. Вызначаецца высокі прафесіяналізм Я. Астроўскага, Р. Слізеня. У стылі мадэрн працавалі В. Бубноўскі, А. Краснапольскі, Я. Тышынскі і інш.

У беларускай архітэктуры першай паловы ХІХ ст. пануе класіцызм з яго кампактнасцю аб’ёмаў, правільнымі геаметрычнымі планамі, прастатой дэкору фасадаў. На Беларусі працуюць архітэктары М. Львоў, Я. Гуцэвіч. Яркімі прыкладамі гэтага перыяду з’яўляецца палацава-паркавы ансамбль Румянцавых у Гомелі, комплекс у Снове. Ствараюцца планы перапланіроўкі гарадоў, якія прадугледжваюць руйнаванне абарончых сцен, адводзяць зоны для пражывання розных сацыяльных груп. З’яўляюцца будынкі павятовых і губернскіх праўленняў, судоў і інш. У культавай архітэктуры абмяжоўваецца будаўніцтва касцёлаў, хутка перапыняецца ўзвядзенне уніяцкіх храмаў, а з ім траціцца самабытнасць беларускай архітэктуры. Некаторыя праваслаўныя храмы будуюцца ў псеўдарускім стылі (так званыя "мураўёўкі").

Росквіт новага архітэктурнага накірунку – "гістарызму" (электызму) прыпадае на другую палову ХІХ ст. Ён вызначаецца спалучэннем розных так званых неастыляў – раманскага, готыкі, барока, класіцызму, псеўдавізантыйскага і інш. (палац у г. Косава Івацэвіцкага раёна, касцёл св. Сымона і Алены ў Мінску, мужчынская гімназія ў Гомелі і інш.). Пашыраецца выкарыстанне ў будаўніцтве новых матэрыялаў – чыгуну, жалезабетону, цэменту, фабрычнай дахоўкі. З’яўляюццы новыя тыпы будынкаў – чыгуначныя вакзалы, 3–4 павярховыя даходныя дамы.

На мяжы ХІХ – ХХ стст. на глебе эклектыцызму ўзнікае новы мастацкі стыль – мадэрн. Яму ўласціва ўжыванне новых матэрыялаў і прынцыпаў будаўніцтва, а таксама багаты ляпны дэкор, асіметрыя дзвярных і аконных праёмаў, арнаментыка з ужываннем элементаў антычнага і народнага мастацтва, готыкі (даходны дом у Мінску, пазямельна-сялянскі банк у Гродне). У гэтым стылі працавалі С. Шабунеўскі, В. Марконі, А. Краснапольскі.

Беларуская культура ў ХІХ – пачатку ХХ стст. зрабіла значны крок наперад у сваім развіцці. Паланізацыя, русіфікацыя, фальсіфікацыя мінуўшчыны, рэпрэсіі супраць нацыянальна свядомых дзеячоў навукі і культуры прыпынілі працэс развіцця беларускага этнасу. Сапраўдным адраджэннем стаў пачатак ХХ ст., калі на пэўны час з’явіўся шанс на адраджэнне беларускай дзяржаўнасці.




^ Беларусь у 1914 – 1921 гг.
  1   2   3



Скачать файл (107.6 kb.)

Поиск по сайту:  

© gendocs.ru
При копировании укажите ссылку.
обратиться к администрации